«Разведчык, бізнэсовец, афганец». Гэты чалавек будзе прадстаўляць дэмакратычную Беларусь ва Украіне

Генадзь Манько прызначаны кіраўніком місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве. На канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023» ён даў першае інтэрв'ю «Свабодзе» на новай пасадзе.

07.08.2023 / 08:29

Генадзь Манько. Фота: Радыё Свабода

— Раскажыце пра сябе, хто вы, адкуль?

— Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь, нарадзіўся ў Баранавічах. З 2020 году ўдзельнічаў ва ўсёй гэтай гісторыі. Калі трыа рухалася па Беларусі, быў у складзе каманды. Праехаў усе гарады з імі. На пачатку 2021 году выехаў за мяжу. Апошнім часам працаваў у Офісе Ціханоўскай. Увесь мінулы год і частку гэтага знаходзіўся ва Украіне, займаўся сувяззю з добраахвотнікамі, быў каардынатарам добраахвотніцкага руху ад Офісу Святланы Ціханоўскай.

— А ў 2020 годзе як вы трапілі ў каманду таго трыа?

— Там была ініцыятыўная група, я заявіўся ў групу Валерыя Цапкалы, займаўся зборам подпісаў. Пасля там змянілася сітуацыя, Валерый Вільямавіч выехаў, Вераніка далучылася да жаночага трыа, і я перайшоў у сумесную каманду.

— У вас цікавае мінулае, вы былі афганцам, разведчыкам.

— Так, тэрміновую службу я служыў у вайсковай выведцы, мая вайсковая спецыяльнасць — разведчык. Служыў у Афганістане.

— Дык гэта толькі тэрміновая служба, далей вы не працягвалі?

— Не, толькі тэрміновая.

— Раскажыце пра вашу працу ў Офісе ў апошні час.

— Гэта была каардынацыя. Трэба было ўсталяваць дачыненні з усімі добраахвотніцкімі структурамі, якія з'явіліся пасля 24 лютага 2022 году, знайсці пункты судакранання, зразумець, чым мы можам быць узаемна карысныя, якую трэба аказваць дапамогу. Мы адразу ўключыліся ў гэтую працу, завозілі аўтамабілі і іншыя рэчы, патрэбныя ваярам. Усталяваліся дачыненні з камандзірамі, асобнымі ваярамі. Была задача зразумець іх жаданні, пачуцці і дапамагчы ім рэалізавацца ў сілу нашых магчымасцяў.

Генадзь Манько і Святлана Ціханоўская. Фота: Радыё Свабода

— З палком Каліноўскага вы таксама супрацоўнічаеце?

— Так, у нас добрыя дачыненні з мінулага году, з самага пачатку. Першы раз мы выехалі туды ў сакавіку летась. Сустракаўся таксама з іншымі падраздзяленнямі, якія там ёсць, з асобнымі байцамі для разумення агульнай сітуацыі. Стараемся прыцягнуць да гэтага агульную ўвагу. Аказаць дапамогу і ў гэтым кірунку працаваць.

На сённяшні момант сітуацыя змянілася, і супрацоўніцтва пашырылася. Летась кіраўніцтва Украіны да беларускіх дэмакратычных сілаў ставілася калі не з ігнорам, то прахалодна, бо яны не зусім разумелі свае дачыненні з рэжымам і не хацелі сабе пашкодзіць, бо ж у нас 1064 кіламетры сумеснай мяжы. Так што летась сітуацыя была напружаная. Але сёлета ўсё змянілася. Яны пачулі дакладныя пасылы, цяпер працавалі такімі сінтэнт-групамі, страт-камандамі. Ёсць не менш за тры групы, якія працуюць непасрэдна па Беларусі. Таму мы спрабуем пашыраць супрацоўніцтва не толькі на вайсковы кірунак, на нашых добраахвотнікаў, але і на грамадзянскую супольнасць і наладжваць дачыненні з Украінай і дэмакратычнай Беларуссю. Пакуль.

— Дык перад вамі стаіць амбітная задача аб’яднаць усіх добраахвотнікаў, калі не ў адну структуру, то, прынамсі так, каб яны разам дзейнічалі на карысць Беларусі?

— Так. Наша задача — знайсці пункты судакранання. Мы павінны складаць як палітычны, так і вайсковы кірунак, каб у будучыні выпрацаваць агульную стратэгію. А таксама зразумець, якія ў нас ёсць агульныя пункты судакрананьня з кіраўніцтвам Украіны, каб у будучыні дзейнічаць разам.

— І вельмі коратка. Чым вы займаліся да 2020 года?

— Я займаўся бізнэсам. У мяне ёсць фірма. Я быў дырэктарам. Займаўся і перавозкай аўтамабіляў, і нерухомасцю, здаваў яе ў арэнду.

— Вас у 2020 годзе затрымлівалі?

— Так, двойчы. Плюс затрымлівалі мае машыны. У мяне была «група таварышаў», якія займаліся бяспекай трыа.

Чытайце таксама:

«Так цяжка шлях нам церабіць да Беларусі». Канферэнцыя «Новая Беларусь 2023» нагадала словы з вядомага верша

З Расіяй Беларусь будзе толькі калоніяй, а перамога Украіны дасць шанец. Што гаварылі пра еўрапейскую будучыню на канферэнцыі «Новая Беларусь 2023»

Ціханоўская зняла Азарава і зрабіла некалькі прызначэнняў

Nashaniva.com