8-гадовы хлопчык дазволіў атрутнаму павуку ўкусіць сябе, каб стаць Чалавекам-павуком
У Балівіі хлопчык знайшоў павука з характэрнай чырвонай плямай на брушку. Гэта была чорная ўдава — атрутны павук, чый укус можа быць смяротным для чалавека. Хлопчык, на жаль, гэтага не ведаў.
07.08.2023 / 13:11
Фота: Wayne Lee-Sing / Unsplash
Ëн паклаў членістаногае на тыльны бок далоні, куды затым павук яго і ўкусіў. Як расказала пазней маці хлопчыка, такім чынам ён спадзяваўся стаць Чалавекам-павуком, піша Newsweek.com.
Пасля ўкусу хлопчык злавіў павука ў шклянку і пайшоў дадому. Але прыкладна праз тры гадзіны ён стаў пачувацца блага: з'явіўся боль па ўсім целе і сутаргі. Хлопчык расказаў маці пра ўкус, пасля чаго быў тэрмінова дастаўлены ў шпіталь, дзе яму ўвялі проціяддзе.
Цяпер яго стан стабілізаваўся і жыццю нічога не пагражае.