Сейму трэба вярнуцца да пытання ўніфікацыі санкцый супраць беларусаў і расіян — дарадца прэзідэнта Літвы
Літоўскаму Сейму варта вярнуцца да пытання ўніфікацыі прынятых на нацыянальным узроўні абмежавальных мер у дачыненні да беларусаў і расіян. Такое меркаванне выказаў у эфіры радыё LRT дарадца прэзідэнта Літвы Дарыус Урбонас, піша Delfi.lt.
07.08.2023 / 17:03
Будынак літоўскага Сейма. Фота: Andrey Rudakov / Bloomberg via Getty Images
Чыноўнік зрабіў гэтую заяву, каментуючы інфармацыю Дэпартамента міграцыі пры МУС пра павелічэнне колькасці беларусаў, якія жывуць у Літве. Паводле слоў чыноўніка, калі б парламент прыняў прапанову прэзідэнта Гітанаса Наўседы ўвесці супраць грамадзян Беларусі і Расіі аднолькавыя санкцыі, «гэтая статыстыка выглядала б інакш».
«Як мы бачым, колькасць беларусаў у Літве, якія атрымалі дазвол на жыхарства на той ці іншай падставе, вырасла амаль да 60 тысяч, — цытуе Урбонаса партал навін Delfi. — Толькі сёлета іх колькасць павялічылася амаль на 10 тысяч.
Можна сказаць, што пасля вырашэння гэтага пытання і ўраўноўвання тлумачэння ў дачыненні да грамадзян Расіі і Беларусі — у гэтым выпадку пасля ўраўноўвання ўмоў іх уезду ў Літоўскую Рэспубліку — мы сапраўды зрабілі б вялікі крок наперад».
Урбонас таксама згадаў, што з лістапада мінулага года больш за 1,1 тыс. грамадзян Беларусі і Расіі былі прызнаныя пагрозай нацыянальнай бяспецы, хоць раней міграцыйная служба «прымала ўсяго некалькі такіх рашэнняў за год».
Рашэнне аб ураўноўванні санкцый супраць расіян і беларусаў знаходзіцца ў руках Сейма, а праявіць ініцыятыву павінен урад.
«Прэзідэнт выказвае сваю пазіцыю, ён яе ўжо выказаў. І працягвае выказваць. Мы вельмі спадзяёмся, што гэта будзе ўзята пад увагу», — сказаў Дарыус Урбонас.
Увесну Сейм Літвы прыняў пакет нацыянальных санкцый, якія пераважна для расійскіх грамадзян зрабілі больш строгім парадак уезду і знаходжання на тэрыторыі краіны, а таксама абмежавалі правы. У выніку ажыўленых дыскусій беларусы пазбеглі большасці абмежавальных захадаў.
Гітанас Наўседа наклаў на закон вета, дамагаючыся аднолькавых абмежаванняў для грамадзян Беларусі і Расіі, але парламент адхіліў яго прапановы.
Згодна з новым законам, з 2 мая 2023-га да 3 мая 2024 года для грамадзян Беларусі і Расіі абмежавалі атрыманне літоўскіх віз, электроннага статусу рэзідэнта, а таксама ўвоз імі ўкраінскіх грыўняў.
Для расіян ускладнілі магчымасць набыцця нерухомай маёмасці ў Літве і спынілі прыём заяў на атрыманне дазволаў на жыхарства.
Чытайце таксама:
У парламенце Літвы не бачаць патрэбы пашыраць санкцыі супраць беларусаў
Прэзідэнт Літвы зноў нагадаў пра імкненне зраўняць абмежаванні ў дачыненні да расіян і беларусаў