Аднавіў працу сайт і тэлеграм-канал «Народнай Волі»

Яны не працавалі некалькі дзён.

08.08.2023 / 11:07

Галоўная старонка сайта

Аднавілі працу сайт і тэлеграм-канал незалежнага выдання «Народная Воля».

Бачных змен там няма, артыкулы на сайце тыя ж самыя, што былі да 31 ліпеня.

Рэдакцыя «Народнай Волі» была вымушаная спыніць друк газеты ў лістападзе 2020 года пасля таго, як улады забаранілі з ёй супрацоўнічаць усім беларускім друкарням і перакрылі магчымасці друкавацца за мяжой.

Газета выдавалася ў PDF-фармаце, але ў пачатку 2023 года было прыпынена і гэта, а ў чэрвені Мінінфарм ануляваў пасведчанне аб рэгістрацыі. 31 ліпеня перастаў абнаўляцца сайт выдання.

4 жніўня стала вядома, што Іосіф Сярэдзіч пакідае пасаду галоўнага рэдактара. Ён кіраваў выданнем 28 гадоў з моманту заснавання газеты ў ліпені 1995 года.

Ён таксама паведаміў, што правы ўласніка сайта nv-online.info перадаў іншай асобе, таму электронны партал не знікае з інфармацыйнага поля. «І хочацца спадзявацца, што сайт як даносіў, так і будзе даносіць ПРАЎДУ да шырокай грамадскасці», — напісаў тады Іосіф Сярэдзіч.

Чытайце таксама:

Іосіф Сярэдзіч пакідае пасаду галоўнага рэдактара «Народнай Волі». Лёс выдання пад пытаннем

Іосіф Сярэдзіч: Калі б у 1995-м дэпутаты абаранілі «Народную газету», можа, па-іншаму развіваліся б падзеі

Nashaniva.com