Эстонія не будзе высылаць грамадзян Беларусі
Калі Латвія і Літва думаюць высылаць грамадзян Беларусі і Расіі, якіх пазбавілі дазволу на жыхарства, то Эстонія такіх строгіх мер прымаць не збіраецца, паведамляе RusERR.
08.08.2023 / 14:02
Талін. Фота: «Наша Ніва»
«Мы не абмяркоўвалі гэтую прапанову ў святле таго, каб рабіць нейкія анкеты. Насамрэч гэта не дае рэальнай карціны тых людзей, якія могуць уяўляць небяспеку. Гэтыя людзі вельмі добра ўмеюць хлусіць і адказваць так, як мы хочам пачуць ці ўбачыць у анкеце», — сказаў міністр унутраных спраў Лаўры Ляэнеметс.
Эстонія таксама не плануе ніякіх змен у патрабаваннях да ведаў мовы. Прарасійскіх асоб, якія ўяўляюць небяспеку, будзе знаходзіць Паліцыя бяспекі, падкрэсліў кіраўнік МУС.
У той жа час член Рыйгікогу, былы міністр замежных спраў Урмас Рэйнсалу сказаў, што замежнікаў у Эстоніі таксама можна пытацца пра іх настроі: «Гэта цалкам рацыянальна рабіць і ў Эстоніі. Гэта пытанне фундаментальнага мыслення людзей і моцных базавых каштоўнасцяў. Людзі маюць права на сваё меркаванне, але пытанне ў тым, ці апраўданы такі прывілей, як дазвол на жыхарства ў Эстоніі, у выпадку з кожным меркаваннем і стаўленнем».