Італія прыпыніла дзеянне праграмы выдачы віз беларусам і расіянам за інвестыцыі

Улады Італіі прыпынілі дзеянне праграмы выдачы так званых «залатых» віз у абмен на інвестыцыі для расійскіх і беларускіх грамадзян. Адпаведнае рашэнне апублікавана на сайце Міністэрства спраў прадпрыемстваў і прадукцыі «Зроблена ў Італіі», піша ТАСС.

08.08.2023 / 15:28

Фота: Gregoria Borgia / AP

Праграма Investor Visa for Italy была распрацаваная і запушчаная ў снежні 2017 года ўладамі Італіі для прыцягнення стратэгічных інвестыцый з-за мяжы. Згодна з правіламі, грамадзяне краін, якія не ўваходзяць у ЕС, якія жадаюць інвеставаць у стратэгічныя актывы для развіцця італьянскай эканамічнай сістэмы, маглі падаваць заяўку на атрыманне спецыяльнай візы, якая дзейнічае на працягу двух гадоў.

Адзначаецца, што віза сярод іншага «можа быць выдадзеная за інвестыцыі ў дзяржаўныя каштоўныя паперы на суму не меншую за €2 млн, інвестыцыі ў італьянскае акцыянернае таварыства на суму не меншую за €500 тыс.», а таксама за дабрачынны ўнёсак у памеры не меншым за €1 млн у галіне «культуры, адукацыі, кіравання іміграцыяй, навуковых даследаванняў або захавання культурнай і ландшафтнай спадчыны».

Nashaniva.com