У Столінскім раёне электрыкі ставяць спецыяльныя апоры для гнездавання буслоў
Апоры для гнездавання буслоў работнікі электрасетак усталёўваюць у межах берагавой лініі ракі Копанец на Століншчыне, паведамляе «Медыя-Палессе». Такія спецыяльныя месцы для птушак маюць стаць, паводле задумы, альтэрнатывай апорам ліній электраперадач.
08.08.2023 / 17:23
Будуючы гнёзды на апорах ліній электраперадач, буслы нярэдка робяцца прычынай тэхнічных няспраўнасцяў. А гэтыя апоры цяпер для буслоў — самае ўлюбёнае месца пасля таго, як у вёсках канчаткова адышлі ў гісторыю саламяныя ды чарацяныя стрэхі.
«Спадзяёмся, што гэтая мера паспрыяе як змяншэнню аварый, так і павелічэнню папуляцыі сімвала Столінскага раёна», — паведамляюць Столінскія электрасеткі.
Увогуле, такія бяспечныя апоры для птушак пачалі ўсталёўваць на Століншчыне некалькі гадоў таму. Тыя, што ставяць цяпер, прыдадуцца ўжо толькі налета — сёлета буслы неўзабаве ўжо пачнуць адлятаць у вырай.
Чытайце таксама:
Людгер і Ліна становяцца на крыло. Так назвалі нямецкіх гібрыдных буслянят
У Калінкавіцкім раёне пара буслоў здолела выкарміць ажно шэсць птушанят. Гэта рэдкасць