У Мінску ўводзіцца адзіны праязны. Колькі ён будзе каштаваць

У Мінску ўводзяць адзіны праязны на ўсе віды грамадскага транспарту, уключаючы метро. Кошт месячнага дакумента — 51,05 рубля. Рашэнне Мінгарвыканкама ўступіць у сілу 16 жніўня. Відаць, з гэтай даты новы праязны павінен з'явіцца ў продажы, піша «Люстэрка».

10.08.2023 / 11:37

Кошт адзінага праязнога выгаднейшы за цэннік на цяперашні аналаг на чатыры віды транспарту — аўтобус, трамвай, тралейбус і метро (бонусам — экспрэс-аўтобус). Такі праязны цяпер каштуе 69,86 рубля на месяц. Кошт жа адзінага праязнога на месяц — 51,05 рубля.

Адзіны праязны на 10 дзён будзе каштаваць 17,93 рубля, на 15 дзён — 26,89 рубля.

На пачатку жніўня намеснік гендырэктара «Мінсктранса» Віктар Тозік паведаміў дату ўвядзення адзінага праязнога: «Да 1 верасня плануецца ўкараненне адзінага праязнога дакумента. Сёння пералік праязных дакументаў налічвае 180 відаў. З укараненнем вось гэтага адзінага праязнога іх застанецца 26».

6 ліпеня павысілі тарыфы на праезд у пасажырскіх цягніках, у тым ліку на гарадскіх лініях. Услед за гэтым вырас кошт і сумешчаных праязных на грамадскі транспарт — бескантактавых смарт-карт. Акрамя аўтобуса, тралейбуса, трамвая і метро, імі можна скарыстацца ў цягніках гарадскіх ліній.

Nashaniva.com