«Я разумею, што і на мне ёсць доля адказнасці за дзеянні краіны». Заснавальнік «Яндэкса» выступіў супраць вайны ва Украіне

Волаж заявіў, што ён «катэгарычна супраць варварскага ўварвання Расіі ва Украіну», дзе ў яго, «як і ў многіх, ёсць сябры і сваякі».

10.08.2023 / 12:18

Аркадзь Волаж. Фота з сайта stmegi.com

Заснавальнік «Яндэкса» Аркадзь Волаж выпусціў заяву, у якой упершыню з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну выказаў сваю пазіцыю пра вайну, піша «Медуза».

«За апошні год мне задавалі шмат пытанняў, і асабліва шмат іх з'явілася на гэтым тыдні. Мне б хацелася растлумачыць сваю пазіцыю», — заявіў бізнэсовец.

Волаж заявіў, што ён «катэгарычна супраць варварскага ўварвання Расіі ва Украіну», дзе ў яго, «як і ў многіх, ёсць сябры і сваякі».

«Нягледзячы на тое, што з 2014 года я не жыву ў Расіі, я разумею, што і на мне ёсць доля адказнасці за дзеянні краіны», — гаворыцца ў заяве.

Паводле слоў Аркадзя Волажа, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ён засяродзіцца на падтрымцы «таленавітых расійскіх інжынераў, якія наважыліся пакінуць краіну і пачаць новае жыццё». Бізнэсовец адзначыў, што «было шмат прычын», з якіх яму даводзілася маўчаць.

«Можна спрачацца пра своечасовасць маёй заявы, але не пра яе сутнасць. Я супраць вайны», — сказаў на заканчэнне Волаж.

Раней журналісты звярнулі ўвагу, што з раздзела «Біяграфія» на асабістым сайце Аркадзя Волажа зніклі згадкі пра Расію. На сваім сайце Волаж прадстаўляе сябе як «ізраільскага тэхналагічнага прадпрымальніка, які нарадзіўся ў Казахстане».

Nashaniva.com