398 з 400. Мінадукацыі назвала самы высокі прахадны бал
Самым высокім прахадным балам у ВНУ сёлета сталі 398 балаў з 400. Столькі трэба было набраць, каб паступіць на спецыяльнасць «міжнароднае права» ў БДУ. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Аляксандр Бахановіч, піша Reform.by
10.08.2023 / 12:58
Корпус факультэта міжнародных адносін БДУ ў Мінску
«У цэлым у параўнанні з мінулым годам прахадныя балы выраслі на большасці спецыяльнасцяў», — сказаў ён.
Для паступленне на «праграмную інжынерыю» ў БНТУ і БДУІР трэба было атрымаць 394 балы, а на электронную эканоміку ў БДУІР і ўсходазнаўства ў БДУ прахаднымі сталі 393 балы.
У БДУ прахадныя балы былі вышэйшыя за 300 на ўсіх спецыяльнасцях, а ў БДУІР і БДЭУ — на большасці.
Агульны план прыёму сёлета складае 52,9 тысяч чалавек. За кошт сродкаў бюджэту планавалася прыняць 28,4 тысяч абітурыентаў на бясплатную форму навучання, у тым ліку на дзённую — 23,9 тыс. Паводле слоў Бахановіча, план прыёму быў зніжаны на 900 месцаў. Гэта адбылося за кошт платных месцаў.
У выніку ў 42 дзяржаўныя ВНУ залічылі на бюджэт 27,8 тысяч чалавек.
Конкурс на адно бюджэтнае месца ў сярэднім у краіне склаў 1,4 чалавека на месца.
На дзённую форму навучання прыняты 23,9 тыс.чалавек.