Новы падручнік па беларускай гісторыі

Выйшла кніга «Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVII ст. да пачатку XXI ст.» аўтарства Алега Латышонка і Яўгена Мірановіча.

02.12.2009 / 13:19

Выйшла кніга «Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVII ст. да пачатку XXI ст.» аўтарства Алега Латышонка і Яўгена Мірановіча.

У слове да беларускага чытача, гэтыя беларускія гісторыкі з Польшчы абяцаюць «адстойваць перш за ўсё беларускі, а не польскі пункт гледжання на гістарычныя падзеі. Але без празмернага шанавання беларускіх гістарычных міфаў». Такія заявы здольныя выклікаць цікавасць да кнігі. Тым больш, што аўтары адразу прапануюць новыя падыходы. Накшталт змены назвы ІІІ Рэчыпаспалітай (называючы польскую дзяржаву ІІІ Рэччупаспалітай, мы адначасова пагаджаемся з польскасцю І Рэчыпаспалітай) на ІІІ Рэспубліку.

Валер Булгакаў, адказны за выхад кнігі, зазначае, што «падручнікі сёння вельмі актуальныя. Карыстаюцца сур’ёзным попытам. Мы былі ўражаныя тым ажыятажам, які выклікалі ранейшыя публікацыі падручнікаў па гісторыі Беларусі і хацелі паказаць іншы погляд на гісторыю Беларусі. Такі, які паўстаў за яе межамі. Польскі варыянт кнігі Мірановіча і Латышонка выйшаў у 2002 г. У беларускім выданні дададзена шмат ілюстрацый, а агляд падзей даведзены да 2006-га года. Мы мяркуем, што яна будзе цікавая школьнікам і настаўнікам».

Алесь Пашкевіч, навуковы рэдактар выдання, таксама лічыць, што кніга будзе цікавая чытачам.

«Яна папулярна напісаная. У добрым сэнсе гэтага слова, а не так, як папулярныя кнігі Дзеружынскага. Дзе да кожнага слова ўзнікаюць пытанні.

Мірановіч з Латышонкам проста і даступна апісалі падзеі беларускай гісторыі. Гэта масавае выданне, у адрознінне ад ранейшых беларускамоўных публікацыі таго ж Латышонка» — гаворыць спадар Пашкевіч.

Кніга насамрэч багата адлюстраваная і надзвычай лёгка чытаецца. Разам з невялікім коштам гэта дае працы Латышонка і Мірановіча вялікія шансы на папулярнасць сярод масавага чытача. Тым больш, што цікавасць да гісторыі сярод моладзі пастаянна расце. А афіцыйныя «шэдэўры», якія называюць Мураўёва‑вешальніка таленавітым адміністратарам, гэтую цікавасць не задаволяць.

Яўген Мірановіч нарадзіўся на Беласточчыне. У 1980 скончыў філіял Варшаўскага універсітэта ў Беластоку (факультэт гуманітарных навук). Сярод галоўных кірункаў даследаванняў Яўгена Мірановіча — беларуска‑польскія адносіны, беларускі нацыянальны рух у Польшчы, найноўшая гісторыя Польшчы і Беларусі. Сёння Яўген Мірановіч з’яўляецца загадчыкам кафедры беларускай культуры Беластоцкага унівэрсытэту і рэдактарам часопіса «Białoruskie Zeszyty Historyczne». Аўтар «Найноўшай гісторыі Беларусі» .

Алег Латышонак нарадзіўся ў Эльблонгу. Беларускі гісторык і грамадскі дзеяч у Польшчы. У 1980‑м годзе скончыў філасофска‑гістарычны факультэт Ягелонскага універсітэта. Ад 1996‑га г. працуе на гуманістычным факультэце універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні. Алег Латышонак з’яўляецца аўтарам больш чым 200 гістарычных артыкулаў. Па-беларуску выйшлі ягоныя грунтоўныя кнігі «Нацыянальнасць — Беларус» і «Жаўнеры БНР».

Алесь Пілецкі