Магілёўскаму сацыёлагу Бубнову далі два гады зняволення за навуковы артыкул
Сталі вядомыя падрабязнасці крымінальнай справы магілёўскага вучонага Юрыя Бубнова — прафесара, доктара сацыялагічных навук, экс-загадчыка кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій. У маі гэтага года яго прысудзілі да двух гадоў калоніі паводле абвінавачвання ў паклёпе і абразе Лукашэнкі.
10.08.2023 / 15:52
Як паведамляе Mayday team, у 2020 годзе прафесар Бубноў апублікаваў артыкул «Перадумовы беларускага пратэсту ў 2020 годзе» ў малавядомым штогадовым навуковым альманаху «Молодежная галактика».
Штогоднік выдаецца ў Санкт-Пецярбургу і ў Беларусі лічыцца замежным навуковым часопісам. Беларускія навукоўцы публікуюцца там для пацверджання свайго прафесійнага ўзроўню. Выданне выходзіць вельмі маленькім накладам і цікавае ў асноўным вузкапрофільнымі навукоўцам.
Для пацвярджэння публікацыі штогоднік высылае аўтарам артыкулаў фотакопіі іх артыкулаў у фармаце pdf-файла, каб можна было пры неабходнасці прыкласці да дакументаў. Праваабаронцы адзначаюць, што сілавікі маглі даведацца пра артыкул толькі па даносе калег Бубнова або ад іншых аўтараў публікацый.
Юрыя Бубнова затрымалі проста на кафедры ў студзені 2023 года. Ён узначальвае яе з 1997 года, узнагароджаны знакам «Выдатнік адукацыі». Ягоны партрэт знаходзіцца на дошцы гонару ветэранаў універсітэта. У Магілёве Бубноў вядомы як эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў і фестывалю «Дранік-фэст».
Чытайце таксама:
Затрымалі буйнога гомельскага прадпрымальніка. Яго вінавацяць у падпісках на незалежныя СМІ
Палітзняволеных Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну перавялі ў гомельскую калонію