Кіраўнікі беларускіх ІТ-кампаній задумваюцца аб рэлакацыі з Літвы на фоне пагроз беларусам. Некаторыя ўжо пачалі працэс 

«Мы спачатку рэлакавалі офіс з Мінска ў Вільню на фоне рэпрэсій супраць сваіх супрацоўнікаў, а цяпер вывозім іх з Вільні. Для прыняцця гэтага рашэння нам стала дастаткова толькі таго, што літоўцы зноў завялі публічную дыскусію аб абмежаванні беларусаў у правах. Чакаць гэтага мы не будзем, і праз два месяцы ніводнага супрацоўніка ў Літве не застанецца, мы пераязджаем у Польшчу», — кажа кіраўнік знакамітай у Беларусі ІТ-кампаніі, дзе рашэнне прынялі зверху на фоне ўзрослай крытыкі знаходжання беларусаў у Літве. 

14.08.2023 / 19:58

Офіс Wargaming у Вільні. Ілюстрацыйнае фота: wargaming.com

Апошнія тыдні розныя літоўскія палітыкі пачалі выказвацца на карысць абмежавання беларусаў у правах нароўні з рускімі, а таксама намякаць, што на найбліжэйшых пасяджэннях Сейма такія прапановы будуць разгледжаныя і ў нейкай форме прынятыя. 

Так, напрыклад, прэм'ерка Літвы Інгрыда Шыманіце тлумачыць неабходнасць пастражэння стаўлення да беларусаў у Літве дзеяннямі Лукашэнкі (у тым ліку тым, што дазволіў размясціцца ў Беларусі вагнераўцам). 

Чытайце таксама: Прэм'ерка Літвы: Ёсць нямала падстаў для ўніфікацыі абмежаванняў для беларусаў і расіян

Некаторыя матэрыялы ў цэнтральных літоўскіх СМІ выглядаюць падрыхтоўкай грамадскага меркавання па гэтым пытанні. Так, у Delfi нядаўна апублікавалі гісторыю пра тое, як у бары беларус быццам бы даказваў літоўцу, што Вільня — гэта беларуская зямля. 

Усё гэта суправаджалася каментарыем літоўскага гісторыка, а таксама згадвалася пазіцыя літоўскага прэзідэнта наконт неабходнасці пастрожыць умовы для беларусаў у Літве.

На фоне гэтага разышлося меркаванне Даруса Урбонаса, дарадцы Гітанаса Науседы, які выказаўся ў духу, што 60 тысяч беларусаў у Літве — гэта забагата, і каб санкцыі супраць беларусаў увялі раней, то «гэтая статыстыка так бы не выглядала». 

Чытайце таксама: Сейму трэба вярнуцца да пытання ўніфікацыі санкцый супраць беларусаў і расіян — дарадца прэзідэнта Літвы

Адначасова з гэтым назіраецца працэс нявыдачы частцы беларусаў ДНЖ, а таксама непрацягнення старых ДНЖ і пазбаўлення раней выдадзеных.

Чытайце таксама: 910 беларусаў прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы

Можна думаць, што ва ўмовах, калі дэ-юрэ санкцыі супраць беларусаў, як мінімум у частцы атрымання ВНЖ, яшчэ не зацверджаныя, дэ-факта яны ўжо працуюць, прывядзенне рэальнасці ў адпаведнасць з заканадаўствам толькі справа часу і тэхнікі. 

Нагадаем, пры самым горшым варыянце санкцый, якія дзейнічаюць супраць рускіх, беларусаў можа чакаць абмежаванне на ўезд у краіну (для тых, хто едзе з турыстычнымі, культурнымі, працоўнымі мэтамі), забарона на набыццё нерухомасці як фізічнымі асобамі, так і юрыдычнымі асобамі, якія належаць беларусам. 

У гэтых умовах у «Нашу Ніву» даходзіць інфармацыя аб вібрацыях у беларуска-літоўскім бізнэс-асяродку. 

Найбольшую колькасць людзей у Літву перавозілі беларускія ІТ-кампаніі, якія па сукупнасці прычын з 2020-га імкнуліся сысці з таксічнай беларускай юрысдыкцыі і адгукнуліся на запэўніванні Літвы ў тым, што іх чакаюць. 

У беларускіх кампаніях у Літве працуюць тысячы чалавек, асобныя кампаніі выбіваюцца ў лідары па сплаце падаткаў.

Але сітуацыя можа змяніцца. 

«Мы спачатку рэлакавалі офіс з Мінска ў Вільню на фоне рэпрэсій супраць сваіх супрацоўнікаў, а цяпер вывозім іх з Вільні. Для прыняцця гэтага рашэння нам стала дастаткова толькі таго, што літоўцы зноў завялі публічную дыскусію аб абмежаванні беларусаў у правах. Чакаць гэтага мы не будзем і праз два месяцы ніводнага супрацоўніка ў Літве не застанецца, мы пераязджаем у Польшчу», — сказаў «Нашай Ніве» кіраўнік знакамітай у Беларусі фінансавай ІТ-кампаніі. У гэтай кампаніі рашэнне прынялі «зверху». 

Так рашэнні прымаюцца не паўсюль, але трэнды супадаюць. 

«У нас няма такой дыктатуры ў кампаніі, што вось тут мы вас пагрузілі, а тут выгрузілі — працуйце.

Рэальнасць такая, што Літву выбіралі нашы супрацоўнікі самі на фоне выбару магчымасці пераехаць у Польшчу, Германію, Грузію і Кіпр. Большасць супрацоўнікаў выбрала Літву па тых прычынах, што яна блізка да дома, зразумелая культура, звыклы клімат, спачуванне да беларускай трагедыі і гэтак далей. 

Але цяпер мы назіраем, што людзі просяць пераводы з Літвы. 

У асноўнай масе ў Польшчу, таму што на фоне пагаршэння стаўлення да беларусаў (як мінімум, на ўзроўні рыторыкі) людзі не разумеюць, як планаваць будучыню ў краіне, адкуль цябе могуць выгнаць, калі, здавалася, ты ўжо наладзіў побыт. Многіх проста няма куды дэпартаваць — дома яны пад пагрозай пераследу за актыўны фінансавы і фізічны ўдзел у пратэстах», — сказалі нам менеджары іншай знакамітай беларускай ІТ-кампаніі. 

«Праз незразумелую палітыку літоўцаў у дачыненні да мігрантаў, абуральныя заявы Наўседы і яго памочнікаў у частцы прыраўноўвання нас да рускіх, а таксама ўжо множных выпадкаў адмоваў у выдачы ДНЖ і адбірання ўжо выдадзеных маса людзей, сапраўды, рэлакуецца з Літвы. Страчваецца тое, дзеля чаго мы сюды ехалі — стабільнасць. Разуменне, што заўтра з табой нічога кепскага не здарыцца. Гэтая перавага знікае, і ты ўжо сядзіш думаеш, ці хочаш ты і тут сядзець на валізках у чаканні новых шокаў», — дадаў менеджар сярэдняга звяна ў ІТ-сферы, які ўжо перабраўся з Вільні ва Уроцлаў. 

«Абуральная проста аргументацыя. Лукашэнка для нас пагроза, а таму мы будзем адказваць яму праз паражэнне ў правах беларусаў, якія аказаліся ў Літве роўна таму, што не падтрымліваюць абсалютна ўсё тое, што ён робіць.

Гэта па-чалавечы крыўднае, недапушчальнае стаўленне. У нас маленькі офіс у Літве, але людзі пытаюцца, якую будучыню ім абяцае кампанія, якая перавезла іх у Літву — да якой мяжы мы можам тут наладжваць жыццё? А крэдыты можам браць? А калі нам забароняць купляць нерухомасць, што тады будзе?» — выказаў сваё меркаванне бізнэсовец, які знаходзіцца ў працэсе перавозу асноўнай часткі свайго ІТ-бізнэсу ў ЕС. 

Варта адзначыць, што сярод ІТ-бізнэсу існуе таксама меркаванне, што нападкі асобных літоўскіх палітыкаў на беларусаў не пойдуць далей за рыторыку. 

«Мы спадзяемся, што такога не адбудзецца. Пакуль што лічым рэзкую рыторыку некаторых палітыкаў, у першую чаргу, працай на свой палітычны капітал.

На шчасце, у Літве розныя галіны ўлады ў розных руках, і наш статус вызначаецца не словамі і жаданнямі аднаго ці двух палітыкаў. З'язджаць праз тое, што нехта там выказаўся, мы не будзем», — сказалі нам у офісе вялікай ІТ-кампаніі, якая перабралася ў Літву ў 2020-м. 

«Забаўна будзе, калі прыдзецца пераязджаць. Мы ўжо набралі столькі літоўцаў на працу, што прыдзецца забіраць у Польшчу і іх», — сказаў нам менеджар кампаніі, у якой у Літве больш за тысячу супрацоўнікаў. 

Чытайце таксама:

Сталі вядомыя 5 найбольшых падаткаплатнікаў Літвы з беларускімі каранямі

EPAM абышла Wargaming па выплаце падаткаў у Літве

«Гэты працэс не спыняецца». Як рэлакейт беларускага бізнэсу ўплывае на Беларусь і суседнія краіны

Nashaniva.com