У Аколіцы пад Мінскам на загад Лукашэнкі пачынаюць будаваць катэджны пасёлак для вайскоўцаў
Работы па забудове жылога раёна «Новая Аколіца» пад Мінскам, пра які Лукашэнка казаў у чэрвені гэтага года, ужо пачаліся. Пра гэта заявіў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч.
10.08.2023 / 17:13
Вёска Аколіца размешчана на абодвух берагах жывапіснага Дубровенскага вадасховішча. Від на вадасховішча і Крыжагорскі касцёл з трампліна спарткомплексу «Раўбічы». Фота: Wikimedia Commons
Гаворка ідзе пра тэрыторыю, якая прылягае да вёскі Аколіца Мінскага раёна, што размешчана за некалькі кіламетраў ад Астрашыцкага Гарадка і дзе знаходзіцца спартыўны комплекс «Раўбічы». Недалёка ад вёскі размяшчаецца аднайменная вайсковая часць.
Паводле слоў міністра, у эксперыментальным раёне з'явяцца аднапавярховыя і шматпавярховыя жылыя дамы ў індустрыяльным выкананні, аб'екты інжынерна-транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры. На будаўніцтве жылля і сацаб'ектаў будуць задзейнічаны арганізацыі Мінбудархітэктуры, Мінскай вобласці, а таксама іншых рэгіёнаў.
Пра тое, што ў жніўні будаўнікі прыступаюць да ўзвядзення новага катэджнага пасёлка ў вёсцы Аколіца, у інтэрв'ю БелТА адзначыў і генеральны дырэктар прадпрыемства «Брэстжылбуд» Аляксандр Раманюк:
«У жніўні разам з іншымі домабудаўнічымі камбінатамі краіны мы прыступаем да будаўніцтва новага катэджнага пасёлка ў вёсцы Аколіца Мінскага раёна. Там мы павінны пабудаваць 10 аднакватэрных жылых дамоў. Гэта будзе арэнднае жыллё для вайскоўцаў», — сказаў кіраўнік прадпрыемства.
Пра новую вёску пад Мінскам Лукашэнка казаў у чэрвені гэтага года на нарадзе з кіраўніцтвам Саўміна:
«У раёне Аколіцы мы вырашылі пабудаваць вёску. Адпаведнае даручэнне было дадзена віцэ-прэм'еру Анатолю Сіваку. Як яму прапануюць або ён сам «пальцам на пяску» накрэсліць, так і будаваць. Трэба пабудаваць хутка і эфектыўна прыгожую вёску − людзі з задавальненнем там будуць жыць, купяць гэтыя ўчасткі».
Чытайце таксама:
Улады Мінска расказалі, калі пачнуць будаваць кватэры на месцы шматпакутнага «Гулівера»
Якія змены прадугледжваюцца новымі генпланамі гарадоў-спадарожнікаў Мінска?