Саладуха пахваліўся, што за год зарабляе 100—150 тысяч даляраў
У інтэрв'ю sb.by праўладны спявак Аляксандр Саладуха расказаў, што за год ён зарабляе 100—150 тысяч даляраў, і гэта таму, што ў Беларусі створаныя, маўляў, умовы, «каб добра працаваць і шыкоўна зарабляць».
12.08.2023 / 20:35
Фота: «Анлайнер»
«У любой справе ёсць мегалідары, сярэднякі і тыя, хто не хоча працаваць, — яны знаходзяцца ўнізе», — сцвярджае Саладуха.
Пра сябе ж ён кажа:
«Даводзіў і даводжу беларускаму народу: у нашай краіне створаны ўсе ўмовы, каб добра працаваць і шыкоўна зарабляць. Па-мойму, я гэтаму яскравы прыклад».
У якасці доказу свайго дабрабыту спявак прывёў уласны дом з таблічкай «Рэзідэнцыя Аляксандра Саладухі» за вёскай Строчыца, «а яшчэ раскошны аўтобус, аўтамабілі, адпачынак у любой краіне свету, кліпы, касцюмы».
У цэлым, гаворыць Саладуха, за год ягоны заробак складае ад 100 да 150 тысяч даляраў.
Нядаўна блогер Сяргей Бяспалаў абзвоньваў «зорак» беларускай праўладнай эстрады і пытаўся ў іх, ці не пагадзіліся б яны пацешыць сваёй творчасцю наймітаў з ПВК «Вагнер» у лагеры пад Асіповічамі. Саладуха ахвотна пагадзіўся выступіць, папрасіў за паўгадзіннае ці гадзіннае выступленне 3 тысячы даляраў і быў гатовы нібыта на просьбу Яўгена Прыгожага выступаць у касцюме арабскага шэйха.
На песні ж «Здравствуй, чужая милая» Саладуха нібыта зарабіў цэлы мільён даляраў.
Чытайце таксама:
Саладуху і Дарафееву адправяць працаваць на завод
Саладуха праспяваў песню «За агранома» і атрымаў медаль
Ад Саладухі да Каржа. Што беларускія селебрыці посцяць падчас вайны і як пра яе выказваюцца