Ад Турцыі да Мальдываў. Якія самыя дарагія туры купляюць беларусы ў гэтым сезоне?

Кожны год на моры — ідэальная карціна ва ўяўленні многіх беларусаў. Аднак ёсць сярод нас і такія, хто можа дазволіць сабе пляжны адпачынак рэгулярна — і не проста са стандартным «усё ўключана», а на ўласнай віле, з індывідуальным басейнам, у самым люксавым гатэлі і, натуральна, з пералётам у бізнэс-класе. Якія турыстычныя кірункі ў сегменце «люкс» выбіраюць беларусы і колькі грошай яны гатовыя траціць на падарожжы, даведаўся «Анлайнер».

12.08.2023 / 22:15

«Ужо 68 тыс. еўра, і гэта не столь»

Журналісты абтэлефанавалі каля 20 турагенцтваў, якія спецыялізуюцца на арганізацыі элітных тураў. Праўда, не ўсе дзеляцца інфармацыяй ахвотна.

«Трэба разумець, што мы прадаем не пакетныя туры, а індывідуальныя. З «пакетамі» ўсё банальна: цяпер гэта толькі Турцыя і Егіпет, бюджэт — 3 тыс. еўра на дваіх. Мы ж з вамі гаворым пра люкс-сегмент, калі ў кошт адпачынку ўваходзіць аплата верталёта і самага крутога гатэля, — тлумачаць у адной з турфірмаў. — Гэта ўжо зусім іншы бюджэт — пачынаючы ад 25 тыс. еўра на 5-6 дзён і заканчваючы 100 тыс. еўра».

У яшчэ адным турагенцтве спрабуюць растлумачыць розніцу звычайнага адпачынку і катэгорыі «лакшэры». Да прыкладу, тур па Італіі за 500 даляраў на чалавека ўключае пераезд на аўтобусе і стандартны экскурсійны пакет, а адпачынак на востраве Сардзінія пачынаецца з 5 тыс. еўра на чалавека.

Пра цяперашні турыстычны сезон і вытанчаныя патрабаванні багатых беларусаў расказвае дырэктар турагенцтва Coral Travel Кацярына Галавіна. У турыстычнай сферы яна працуе больш за 20 гадоў, а свой першы дарагі тур прадала 10 гадоў таму — за 22 тыс даляраў.

Экспертка прызнаецца: сёлета ў яе цякучка з дарагіх тураў. Кошты пачынаюцца з 15 тыс. даляраў і заканчваюцца 38 тыс. даляраў.

«У нашай краіне ёсць сем'і, якія могуць дазволіць сабе адпачываць якасна і дорага, — падкрэслівае Кацярына. — З многімі сем'ямі я сябрую гадамі, бо часцей за ўсё такія кліенты становяцца сталымі. Да прыкладу, адзін з маіх кліентаў — знакаміты былы спартсмен. Многія маюць буйны бізнэс. Яны цэняць якасць, камфорт і сэрвіс».

Кацярына адзначае, што элітныя туры маюць на ўвазе індывідуальны падыход. Нядаўна ў яе практыцы быў выпадак, калі чалавек хацеў пабываць у Панаме і парыбачыць у пэўным месцы. Хтосьці звяртаецца з просьбай арганізаваць кругасветнае падарожжа, хтосьці — адпачынак на круізным лайнеры.

У гэтым сезоне ўлюбёным месцам заможных беларусаў сталі Мальдывы. Цэннік пачынаецца з 5 тыс. даляраў за дваіх і заканчваецца бясконцасцю. Хочаш адпачываць на віле — калі ласка, адно толькі пражыванне абыйдзецца ў 20 тыс. даляраў, не кажучы пра поўны пакет. Дадаем пералёт бізнэс-класам — тарыф павялічваецца ў два разы.

«Я якраз цяпер падбіраю для адной сям'і тур, дзе кошт ужо дасягае 68 тыс. еўра, і гэта яшчэ не столь. Там трое дзяцей, эксклюзіўная віла, пералёт бізнэс-класам».

На другое месца па папулярнасці ў багатых беларусаў выходзяць Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Сапраўды, сегмент коштаў вельмі розны. Можна жыць у Дубаі ў гатэлі катэгорыі «тры зоркі» з опцыяй «усё ўключана», ездзіць на пляж на трансферы і ўкласціся ў 1,5 тыс. еўра — ці адпачываць на востраве ў VIP-гатэлі з уласнай вілай. Адпаведна, і кошт ўзлятае мінімум разоў у 10.

«У гэтым сезоне ў мяне было некалькі пуцёвак у ААЭ, дзе людзі аб'ядноўваліся сем'ямі. На адну сям'ю атрымалася па 15 тыс. даляраў, прычым гэта дэлюкс-гатэль, нават не віла, два пакоі падвышанай камфортнасці, выхад на індывідуальны басейн. Пагадзіцеся, у Беларусі далёка не кожны чалавек можа дазволіць сабе такі адпачынак».

За трэцяе месца па запытах багатых турыстаў змагаюцца Турцыя і Еўропа. У Турцыю можна з камфортам злятаць вялікай сям'ёй з шасці чалавек за 15 тыс. еўра. Для параўнання: нядаўна кліенты Кацярыны вярнуліся з вострава Корфу ў Грэцыі. Яны адпачывалі ў эксклюзіўным гатэлі, прычым нумары браніраваліся ў апошні момант. Кошт тура для адной сям'і склаў 22 тыс. еўра, для другой — 18 тыс еўра.

Адпачываць можна ў Турцыі, а пясок будзе як на Мальдывах

Дырэктар турыстычнай кампаніі «Натурлэнд Трэвел» Канстанцін Мацюшкін пацвярджае, што дарагія і ад гэтага не менш запатрабаваныя кірункі ў гэтым сезоне — ААЭ і Турцыя.

Кампанія не спецыялізуецца на элітных турах, пуцёўкі даражэйшыя 10 тыс. даляраў прадаюцца вельмі рэдка. Гэта адзінкавыя выпадкі, калі кліенты звяртаюцца па рэкамендацыі.

«Кошт на дарагія пуцёўкі залежыць ад кошту гатэля і яго паслуг. Паколькі дарагія гатэлі катэгорыі «пяць зорак» не падаюць у цане практычна ніколі, кошт пералёту ў такім туры не з'яўляецца вырашальным фактарам. Але бывае і перыяд высокага попыту на кірунак, калі нават гатэль «тры зоркі» ў пакетным туры каштуе нятанна. Тут ужо грае ролю попыт на авіябілеты, якія ідуць па высокіх тарыфах. У залежнасці ад запаўняльнасці рэйса цана пуцёўкі павышаецца на 200-300 еўра, — тлумачыць Канстанцін фактары, якія ўплываюць на кошт адпачынку. — Напрыклад, ААЭ самі па сабе з'яўляюцца кірункам дарагога адпачынку. Калі чалавек хоча жыць у новым гатэлі на востраве Пальма, на адкрыцці якога выступала Беёнсэ, то гэта адназначна будзе каштаваць вельмі дорага».

Калі меркаваць па вопыту працы кампаніі ў гэтым сезоне, самыя дарагія пуцёўкі ў ААЭ на дваіх каштавалі 10 тыс. даляраў, калі браць Турцыю, гэта 7-8 тыс. еўра на два чалавекі.

Па словах эксперта, Турцыя цяпер прыцягвае турыстаў вялікай колькасцю паслуг. Кошт пуцёўкі залежыць ад таго, ці будзе ў вас асабісты кухар, нянька для дзяцей, індывідуальнае абслугоўванне вілы, асобны басейн.

Многія карыстаюцца паслугай прывазных пяскоў: гэта значыць, адпачываць можна ў Турцыі, а пясок будзе як на Мальдывах. Цудоўна, ці не так?

Адпачынак у Турцыі таксама практычна не мае столі кошту. Да прыкладу, калі спыніцца ў прэзідэнцкай віле ў адным з найлепшых гатэляў, то кошт пуцёўкі даходзіць да 150 тыс. еўра. Можна аддаць 15 тыс. еўра за тыднёвы адпачынак.

«Элітныя туры ў нас бяруць, як правіла, людзі 40+»

«Па факце самым папулярным кірункам у беларусаў застаецца Турцыя. Усё проста: туды бліжэй за ўсё ляцець, з Мінска практычна кожны дзень лётаюць прамыя рэйсы, — распавядае дырэктар «Салемарэ Тур» Яўген Скудны. — Беларусы бываюць у Турцыі нават зімой, калі не купаешся ў моры. Затое можна пагуляць, узяць экскурсійную праграму. Цана стартуе ад 1,5 тыс. даляраў за дваіх на тыдзень. Адпаведна, такі адпачынак могуць дазволіць сабе больш людзей».

Калі ў Турцыі гэтая цана распаўсюджваецца на «ўсё ўключана», то ў ААЭ з яе стартуюць пуцёўкі толькі са сняданкамі. Гэта другі распаўсюджаны кірунак цяпер, таму што туды таксама ёсць прамы рэйс з Мінска.

На трэцім месцы — Мальдывы. Тут цана пачынаецца з 3-4 тыс. даляраў за тур на дваіх. Мяжы няма: гэта можа быць 20 тыс. даляраў і вышэй у залежнасці ад гатэля, тыпу харчавання, катэгорыі нумара, працягласці адпачынку і сезоннасці.

«Элітныя туры ў нас бяруць, як правіла, людзі 40+, якія адбыліся. Едуць сем'ямі, адпаведна, патрабуецца больш квіткоў, камфартабельныя нумары з некалькімі спальнямі, а гэта аўтаматычна высокі цэннік», — працягвае Яўген.

Напрыклад, нядаўна кампанія Яўгена арганізоўвала адпачынак для сям'і з пяці чалавек у Дубаі. Пяцізоркавы гатэль дэлюкс, усё ўключана, індывідуальныя трансферы — на ўсё пра ўсё 30 тыс. даляраў.

Чытайце таксама:

Саладуха пахваліўся, што за год зарабляе 100—150 тысяч даляраў

«Эпоха гарачых тураў скончылася». У турагенцтвах расказалі, дзе сёлета адпачываюць беларусы і за якія грошы

У сялянскай хаце або ў замку. Дзе ў Беларусі можна пажыць у гістарычным будынку і колькі гэта каштуе?

Nashaniva.com