«Падышоў муж: «Ну што, даскакалася?» Гісторыя жанчыны, якая ўцякла з Беларусі адна з трыма дзецьмі і працуе на таксоўцы

Марыну Кіявец жорстка затрымалі ў 2022 годзе «за палітыку», пагражалі забраць дзяцей у прытулак. Муж жанчыны не падтрымаў. Беларуска ўзяла дзяцей і зʼехала ў Польшчу. У 11-гадовага сына за мяжой пачаліся праблемы са здароўем, падазраюць аўтызм. Гісторыю распавядае «Свабода». 

14.08.2023 / 10:32

Марыне Кіявец 34 гады. Родам з Янава Берасцейскай вобласці. Замужам, трое сыноў 6, 11 і 15 гадоў. Працавала інжынерам-хімікам у лабараторыі. Брала ўдзел у пратэстах 2020 году. У 2022 годзе Марыну звольнілі з працы праз палітычную пазіцыю. У ліпені 2022 году да яе прыйшлі з ператрусам, падазравалі ў абразе міліцыянта ў сацыяльных сетках. Сілавікі былі ў поўнай выкладцы, з аўтаматамі, на жанчыну адразу надзелі кайданкі. Усё адбывалася на вачах у дзяцей. 

«Людзі, узятыя за панятых, былі ўражаныя, што такія здаровыя хлопцы тыкаюць аўтаматам мне ў спіну, а я стаю ў кайданках, быццам я кагосьці магу пабіць. Адной з панятых потым выклікалі хуткую дапамогу, бо ёй стала блага», — успамінае Марына.

Яна дадае, што муж не падтрымаў яе ў той момант. Марына дагэтуль перажывае.

«Добра памятаю, як ён стаяў і з амапаўцамі смяяўся. Я стаю ў кайданках, на мяне накіраваныя аўтаматы, а ён смяецца. Калі мяне ўжо пасадзілі ў бус, двое з ГУБАЗіКа сядзелі наперадзе, збоку сядзеў адзін амапавец і ззаду чатыры. Падышоў муж да дзверцаў і кажа: «Ну што, даскакалася?» Для мяне гэта было жахліва», — Марына не разумее, як такое мог сказаць чалавек, з якім яна пражыла 15 гадоў.

У тэлефоне беларускі знайшлі тры «экстрэмісцкія» спасылкі ў прыватнай перапісцы. Жанчыну пратрымалі 5 содняў за кратамі да суду, потым прысудзілі амаль 1000 даляраў штрафаў. На допытах пагражалі забраць дзяцей і размеркаваць па розных дзіцячых установах.

«Мама, мы што, будзем тут жыць?»

За кратамі Марына вырашыла зʼязджаць з Беларусі з дзецьмі, але без мужа.

«Я зʼязджала невядома як, невядома куды», — успамінае жанчына.

За месяц яна падрыхтавала дакументы. Ехала легальна праз мяжу. Кажа, што акурат у гэты час у памежнікаў «падвіслі» базы з «экстрэмістамі», праблемаў пры выездзе ў яе не было. Дзяўчына, якую беларуска ведала толькі з сацыяльных сетак, дапамагла на першы час з жытлом у Варшаве. Каб муж адпусціў яе з дзецьмі, Марына сказала, што яны едуць адпачыць у санаторый. Хлопчыкі даведаліся, што яны зʼязджаюць жыць у Польшчу надоўга, толькі калі прайшлі мяжу.

«Для іх гэта было жахліва, яны былі не гатовыя да такога. У сярэдняга сына быў шок, ён вельмі ўразлівы хлопчык. Ён заплакаў і запытаўся: «Мама, мы што, будзем тут жыць, пакуль мне не споўніцца 18 гадоў?» Я не ведала, як ім гэта можна патлумачыць. Адказала: «Сашка, не, я спадзяюся, што мы вернемся хутчэй, калі Беларусь стане вольнай»», — успамінае суразмоўца.

Беларуска атрымала міжнародную абарону і часовы дазвол на жыхарства ў Польшчы. Праз высокія цэны на жытло ў Варшаве сям’я ў 2023 годзе перабралася ў Беласток. Марына знайшла працу ў таксі, машыну ўзяла ў арэнду. Гаворыць, што заробку амаль не бачыць: 90% даходу ідзе на падаткі, адсотак фірме, паліва. У цяперашняй працы задавальняе графік, бо яна можа шмат часу праводзіць з дзецьмі.

«Не магу сказаць, што я тут зарабляю. Пакуль я выйшла ў нуль. Каб зарабляць, трэба працаваць, працаваць, працаваць. Мне так не ўдаецца, бо шмат часу забіраюць дзеці. Можа, гэтая праца не мая. Але для мяне гэта хуткі моўны курс, бо калі ты вязеш людзей, то камунікуеш з імі», — прызнаецца Марына.

Сям’я жыве за невялікія грошы, якія польская дзяржава выплачвае як дапамогу беларусам. Марына працягвае шукаць больш прыбытковую працу. Яна хацела б працаваць адпаведна спецыяльнасці — хімікам, аднак дзеля гэтага трэба лепш вывучыць польскую мову. Ходзіць на моўныя курсы.

Тры месяцы таму ў сярэдняга сына западозрылі аўтызм

Усе трое ейных дзяцей — Ягор (6 гадоў), Саша (11 гадоў), Дзіма (15 гадоў) — цяжка перажываюць пераезд. Жанчына кажа, што яны сумуюць па доме, па Беларусі, па ранейшых сябрах. Моцным стрэсам быў раптоўны пераход на вучобу па-польску. Старэйшыя сыны хадзілі ў школу, малодшаму не хапіла месца ў садку, аднак з верасня ён пойдзе ў падрыхтоўчы клас школы.

Тры месяцы таму ў сярэдняга сына Сашы западозрылі аўтызм. У Беларусі такога дыягназу ў хлопчыка не было. Сімптомы заўважылі ў школе. Саша пужаўся моцных гукаў, мог закрываць вушы праз гэта, часам адмаўляўся заходзіць у сталоўку разам з усімі дзецьмі, бо там было вельмі гучна. Мог не рэагаваць на звароты настаўніцы. Асабліва калі ў класе было шмат дзяцей. Дома сын стаў больш закрытым, больш уражлівым, у яго сталі часта паказвацца слёзы.

«Я ніяк не магла звязаць гэта з аўтызмам, бо разумела, што дзеці перажылі шмат з пераездам, моўным бар’ерам. Сашу трэба польскую мову вучыць, і не адно-два словы. Ён трапіў у звычайную школу, дзе ўсё на польскай мове. І яму трэба адказваць на пытанні, рашаць заданні па-польску нароўні з польскімі дзецьмі. Для мяне ўсе дзеці, якія зʼехалі і вымушаныя вучыць новую мову, — героі», — разважае маці. 

Спецыялісты камісіі ў псіхіятрычна-педагагічнай кансультацыі таксама пацвердзілі, што бачаць у хлопца праявы аўтызму. Канчатковага дыягназу няма. Абследаванні працягваюцца: трэба прайсці яшчэ спецыяльныя тэсты і абследаванне ў псіхіятра.

Калі дыягназ пацвердзіцца, маці будзе шукаць для Сашы спецыяльную школу. У Польшчы набіраюць у школы ў сакавіку, свой набор Саша ўжо прапусціў. Усе спецыялізаваныя школы, дзе Марына папярэдне шукала месца для сына, адказалі, што ў іх ужо няма месцаў.

«Аднак школьны псіхолаг мяне супакоіла: «У Польшчы не бывае так, што для дзіцяці няма месца ў школе. Нешта знойдзецца»», — пераказвае суразмоўца.

Шматдзетная маці кажа, што адна дае рады ў няпростай сітуацыі, бо ёсць рэчы, якія яна мусіць зрабіць.

«Я ведаю, што ніхто акрамя мяне гэтага не зробіць. Мае праблемы, мае магу — не магу, ці ёсць у мяне сілы, ці няма, нікому не цікавыя, бо ў кожнага свае пытанні і праблемы. Мае дзеці — гэта мая адказнасць. Я мушу рабіць, каб ім было найлепей. Разумею, што трэба даваць сабе адпачыць і сілаў набрацца. Цяпер трэба зрабіць. Адпачываць пазней буду», — кажа яна.

Чытайце таксама:

«Шмат сцыкла сярод мужчын». Маргарыта Ляўчук расказала пра сваю паездку ў ваенную Украіну

Ці пайшоў бы Цімур на вайну, каб не жнівень 2020-га?

«Кожны эмігрант пражывае сацыяльную смерць». Як захаваць адносіны ў вымушанай эміграцыі?

Nashaniva.com