У Рагачове мужчына хацеў здаць у міліцыю пісталет, але здаў і знаёмага

У міліцыю паступіла паведамленне ад 65-гадовага жыхара райцэнтра, які меў намер здаць пісталет. На месца выехала следча-аператыўная група. Мужчына растлумачыў, што знайшоў зброю, знешне падобную да пісталета Макарава, каля магазіна. Праваахоўнікі праверылі яго словы, аднак высветлілася, што ў той перыяд ён не з'яўляўся каля гандлёвай кропкі. Тады пенсіянер прызнаўся, што пісталет яму перадаў знаёмы, піша «Белта». 

14.08.2023 / 11:33

«Аператыўнікі крымінальнага вышуку знайшлі дарыльшчыка. Як устаноўлена, некалькі гадоў таму 63-гадовы жыхар Рагачова ў Маскоўскай вобласці набыў сігнальны пісталет. Ужо дома выпрабаваў яго, узнікла ідэя перарабіць ствол пад баявыя патроны 9 мм, якія ён раней знайшоў. Кулібін прыварыў новы ствол. Вынік уладальніка задаволіў», — адзначылі ва УУС.

У маі гэтага года мужчына ў адной з кампаній пазнаёміўся з пенсіянерам, якому і перадаў гэтую зброю ў падзяку за магчымасць пераначаваць. Пазней той паведаміў аб гэтым у міліцыю. Па выніках экспертызы, пісталет прызнаны прыдатным для стральбы, а патрон — боепрыпасам да наразной агнястрэльнай зброі.

Распачата крымінальная справа па факце незаконных дзеянняў у дачыненні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў. «Майстар» арыштаваны, а ў дачыненні да пенсіянера, які добраахвотна выдаў пісталет, вынесена пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Nashaniva.com