Пазняк напісаў адкрыты ліст Лукашэнку і Зяленскаму

Ліст тычыцца абмену двух палонных беларусаў, якія ваявалі за Расію, на беларускіх палітвязняў. Ён прапанаваў кандыдатаў для такога абмену актывістку Вольгу Залатар і журналіста Дзяніса Івашына. Ліст змешчаны ў тэлеграм-канале палітыка.

14.08.2023 / 12:48

«Аляксандр Рыгоравіч і Уладзімер Аляксандравіч, звяртаюся да вас як да звычайных людзей, не ўжываючы вашых афіцыйных тытулаў, бо рашэнне аб справе, па якой я звяртаюся, мае перш за ўсё маральны характар», — гаворыцца ў лісце.

Два палонныя грамадзяне Беларусі (Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч), якія былі ў расейскім войску, ваявалі супраць Украіны і асуджаныя судом Украіны на пазбаўленне волі адпаведна на 10 і на 9 гадоў, звярнуліся да ўлады Рэспублікі Беларусь з просьбай абмяняць іх на палітзняволеных Рэспублікі Беларусь.

Прашу вас паспрыяць такому абмену, улічыць маю прапанову і пазіцыю шматлікіх беларусаў у Польшчы. Менавіта: абмяняць палонных Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча на палітвязняў у Беларусі: Вольгу Віктараўну Залатар — маці пяцярых непаўналетніх дзяцей, асуджаную на 4 гады пазбаўлення волі, і журналіста Дзяніса Яўгенавіча Івашына, асуджанага на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі.

Публічны ліст не найлепшы спосаб у такой важнай справе. Я не валодаю ўладай і па свайму статусу не ў стане выкарыстаць метады дыпламатыі прыдатныя ў гэтым выпадку. Звяртаюся наўпрост, абапіраючыся толькі на свой аўтарытэт сярод адданых для Беларусі людзей і не забыты ва Украіне.

Такі абмен магчымы. Ён будзе добрым для ўсіх».

«Зычу шчасця людзям Беларусі і шчасця людзям Украіны, каб будучыня нашых народаў была вольнай, светлай, дружнай і прыгожай», — сканчае ліст Зянон Пазняк

Чытайце таксама:

Палонныя беларусы, якія ваявалі за Расію, просяць абмяняць іх на палонных каліноўцаў або палітзняволеных

Ва Украіне асудзілі беларуса-вагнераўца. Ён пайшоў на пагадненне аб прызнанні віны і пазбег максімальнага тэрміну

Украінскі суд пачаў разглядаць справу яшчэ аднаго палоннага беларуса, які ваяваў на баку Расіі

Nashaniva.com