Ціханоўская звярнулася да літоўцаў: Беларусы не маюць і ніколі не будуць мець ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў

Лідар дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да жыхароў Літвы са словамі падзякі за салідарнасць, дапамогу і гасціннасць і запэўненнем у тым, што «беларусы не маюць і ніколі не будуць мець ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў», піша Delfi.

14.08.2023 / 16:11

Святлана Ціханоўская падчас мітынгу ў Вільні, прысвечанага трэцяй гадавіне прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Фота: ОСЦ

«Беларусы ніколі не забудуць той дапамогі, якую аказала нам Літва пасля 2020 года. Літоўская дзяржава і літоўскі народ падтрымалі беларусаў падчас масавых пратэстаў і выратавалі тысячы людзей, якія ўцякалі ад тэрору, якога Беларусь не бачыла са сталінскіх часоў.

Сёння Беларусь перажывае гуманітарную і палітычную катастрофу. Пакуль Пуцін вядзе вайну супраць Украіны, яго марыянеткавы рэжым у Мінску працягвае вайну супраць беларускага народа. Рэжым Лукашэнкі помсціць беларусам, якія ў 2020-м выбралі свабоду і незалежнасць. Больш за 60 тысяч прайшлі праз турмы. Людзей у турмах катуюць і забіваюць.

Нават цяпер штодня затрымліваюць у сярэднім 15—20 чалавек: за пратэст, нацыянальную сімволіку, падтрымку Украіны, урэшце за беларускую мову.

Яны знішчаюць не толькі медыя, грамадзянскую супольнасць, але і саму ідэнтычнасць беларусаў, спрабуючы зрабіць нас часткай «рускага свету». Яны разбураюць усё, што звязвае нас з Еўропай, уключаючы нашу мову, гісторыю, культуру.

Я ведаю, што літоўцам не трэба тлумачыць, як і для чаго гэта робіцца — вы самі прайшлі праз савецкую акупацыю. Толькі нашых сіл сёння недастаткова, каб перамагчы. Нам патрэбныя моцныя саюзнікі.

І Літва паказвае прынцып прынцыповай і рашучай пазіцыі астатнім краінам Еўропы. Літва не пайшла на ўгоду з Лукашэнкам, стала нашым голасам на міжнароднай арэне, а калі пачалася вайна — аднадушна падтрымала Украіну.

Падтрымка Літвы і літоўскага народа патрэбная сёння беларусам як ніколі, каб вырвацца з кіпцюроў расійскай тыраніі. Сёння рэжым Лукашэнкі помсціць Літве за яе паслядоўнасць.

Міграцыйны крызіс, закрыццё літоўскіх школ, антылітоўская прапаганда, гульня з вагнераўцамі — гэта ўсё помста за вашу пазіцыю. Але мы не павінны дазволіць Пуціну і Лукашэнку пасварыць нашы народы.

Трэба дакладна разумець: Лукашэнка — гэта не Беларусь. Не беларусы пагражаюць Літве, а рэжым і яго памагатыя. І наша сумесная задача — іх спыніць.

Тыя беларусы, якія прыехалі ў Літву — больш за ўсё на свеце хочуць вярнуцца дадому.

Мы цэнім гасціннасць Літвы, але мы тут толькі часова. Беларусы ў Літве ў абсалютнай большасці ўдзельнічалі ў пратэстах або падтрымлівалі іх, падтрымліваюць Украіну. Несумненна, рэжым паспрабуе засылаць агентаў і правакатараў, але мы гатовыя іх выяўляць. Ім не месца ні ў Літве, ні ў ЕС.

Апошнім часам у літоўскіх медыя і інтэрнэт-рэсурсах абмяркоўваюць заявы невядомых правакатараў, якія сваімі заявамі прыніжаюць Літву і літоўскі народ.

Такія антылітоўскія выказванні — маргінальныя для беларускага грамадства. Я хачу падкрэсліць нашу агульную пазіцыю: літоўская тэрыторыя і дзяржава належаць народу Літвы і больш нікому. Межы непарушныя, хто кажа інакш — той правакатар, той на баку агрэсара. Беларусы не маюць і ніколі не будуць мець ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў. Для нас веліч народа — у павазе, якой ён карыстаецца ў свеце, а ў першую чаргу — з боку суседзяў.

Я перакананая, што і ў літоўскіх інтарэсах, каб суседкай Літвы была свабодная незалежная і еўрапейская Беларусь, а не буферная зона Крамля. Мы будзем рабіць усё, каб гэта стала рэальнасцю.

І я прашу вас працягваць падтрымліваць наш народ у гэтым імкненні. Мяне турбуе дыскусія сярод палітыкаў, ці трэба ў адказ на прысутнасць вагнераўцаў узмацніць абмежаванні і прыраўняць беларусаў да расейцаў.

Сапраўды, пагроза з боку рэжыму ёсць, але міграцыйныя абмежаванні яе не вырашаць. Гэта можа ў першую чаргу ўдарыць па прадэмакратычна настроеных беларусаў. Таксама гэта згуляе на руку Крамлю, які спрабуе сцерці розніцу паміж расейцамі і беларусамі. Але беларусы — не расейцы, а Беларусь — не Расія. І ніколі ёй не стане. Нягледзячы на ўсе намаганні Пуціна і Лукашэнкі, ім не ўдалося ўцягнуць наш народ і войска ў вайну супраць Украіны. Сацыялагічныя даследаванні сведчаць, што большасць беларусаў не падтрымліваюць агрэсіўную палітыку ўзурпатараў.

У Беларусі дзейнічаюць рэйкавыя партызаны і спыняюць расейскія эшалоны. Падпольшчыкі ў пачатку года падарвалі дарагі расійскі самалёт. Сотні добраахвотнікаў паехалі ваяваць за Украіну. Тое, што няма масавых маршаў на вуліцах — гэта не значыць, што няма пратэсту. Я ўдзячная дэпутатам літоўскага Сейма, якія вясной вырашылі не ставіць знак роўнасці паміж беларусамі і расейцамі. Гэта быў выразны сігнал салідарнасці і падтрымкі. Я спадзяюся, што і ў новым законе не дойдзе месца для шырокіх абмежаванняў супраць усіх грамадзян Беларусі.

Я таксама спадзяюся на працяг палітыкі літоўскага ўрада ў дачыненні да Беларусі: ізаляцыя рэжыму з аднаго боку, а з другога — падтрымкі беларусам, якія змагаюцца за вызваленне сваёй краіны. Беларусь пройдзе той шлях да свабоды і незалежнасці, які ўжо прайшла Літва.

Мы адбудуем дэмакратычную дзяржаву еўрапейскага ўзору. У новай Беларусі будуць паважаць правы чалавека, нацыянальных меншасцяў, паважаць суседзяў і недатыкальнасць дзяржаўных межаў. (Мы рашуча выступаем за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, якую ў 2014 годзе парушылі расійскія імперыялісты). Беларусь, як цяпер Літва, стане сяброўскай Еўрасаюза. Толькі садружнасць у ЕС гарантуе нам рэальную незалежнасць і не дазволіць Крамлю ўзяць рэванш.

Так, сёння гэта выглядае аддаленай мэтай, але мы да яе прыйдзем. І мы спадзяемся на падтрымку Літвы на гэтым шляху. Чым мацнейшае будзе наша беларуска-літоўскае сяброўства, тым горшае для нашага агульнага ворага, якім з'яўляецца расейскі імперыялізм.

У 1991 годзе, калі літоўцы выйшлі абараняць сваю свабоду ад савецкіх танкаў, сярод абаронцаў літоўскага парламента былі і беларусы. Аналагічна, у крытычныя моманты нашай гісторыі і мы заўсёды адчувалі падтрымку літоўцаў. Хай так гэта і застаецца».

Чытайце таксама:

«Быў ахоўнікам». Гісторыі беларусаў, прызнаных небяспечнымі для Літвы

За паўгода Літва выдала беларусам амаль 20 тысяч дазволаў на жыхарства

«Не павінна быць так, што ў адзін дзень мы запрашаем, а ў другі — дэпартуем» — былы прэм'ер аб праблеме беларусаў у Літве

«Быў ахоўнікам». Гісторыі беларусаў, прызнаных небяспечнымі для Літвы

Прэм'ерка Літвы: Ёсць нямала падстаў для ўніфікацыі абмежаванняў для беларусаў і расіян

Ціханоўская заклікала прэзідэнта Літвы не ўраўноўваць абмежаванні супраць беларусаў і расіян

Nashaniva.com