Краіны Заходняй Афрыкі вызначыліся з датай інтэрвенцыі ў Нігер, а перамовы з прарасійскай хунтай праваліліся
«Мы не збіраемся весці бессэнсоўныя перамовы. Уварванне будзе кароткатэрміновым і мэтай яго будзе вяртанне канстытуцыйнага ладу Нігера».
21.08.2023 / 08:56
Армія Нігерыі — адной з самых моцных у вайсковым плане краін празаходняга блока ECOWAS і ўсёй Афрыкі ўвогуле. Фота: Contributor Getty Images
Кіраўнікі Эканамічнай супольнасці заходнеафрыканскіх краін (ECOWAS) канчаткова ўзгаднілі дату ваеннай інтэрвенцыі ў Нігер з мэтай звяржэння прарасійскай хунты і аднаўлення канстытуцыйнага ладу ў краіне. Пра гэта паведаміла агенцтва Al Arabia са спасылкай на кіраўніцтва ECOWAS.
Дата пачатку вайсковай аперацыі супраць прарасійскіх путчыстаў, якія захапілі ўладу ў Нігеры і запрасілі да сябе ПВК «Вагнер», была вызначана на нядаўнім саміце ECOWAS у Гане.
Самой даты лідары заходнеафрыканскіх краін вырашылі не называць, каб не даць хунце падрыхтавацца.
«Мы не збіраемся весці бясконцыя і бессэнсоўныя перамовы. Усе неабходныя дамоўленасці і прыгатаванні былі завершаны. Мы гатовы ісці ў любы час, а само ўварванне будзе кароткатэрміновым і мэтай яго будзе вяртанне канстытуцыйнага ладу Нігера», — заявіла кіраўніцтва ECOWAS пасля нядаўняга саміту ў Гане.
Пры гэтым лідары заходнеафрыканскіх краін адзначылі, што інтэрвенцыя адбудзецца толькі пры правале апошняй спробы мірных перамоваў з хунтай, якія праходзілі ў суботу.
І, як паведаміла ў нядзелю агенцтва Al Arabia, гэтыя перамовы канчаткова праваліліся.
«Мэтай перамоваў была, магчыма, апошняя спроба абразуміць хунту Нігера і дамагчыся вызвалення прэзідэнта краіны Махамеда Базума, але тыя адмовіліся і паабяцалі, што ўварванне ECOWAS не будзе для краін блоку «лёгкай прагулкай». Вызваленне і вяртанне да ўлады Базума, па словах хунты, ніколі не адбудзецца», — перадае Al Arabia.
Зрынуты прарасійскай хунтай прэзідэнт Нігера Махамед Базум. Фота: Boureima Hama / Pool Photo via AP / File
Факт канчатковага правалу перамоваў з хунтай таксама афіцыйна пацвердзілі і ў ECOWAS. Цяпер, зыходзячы з пазіцыі абодвух бакоў канфлікту і няўдалых мірных перамоваў, вайна ў Нігеры, якая можа закрануць усю Паўночную Афрыку з умяшаннем Захаду і Расіі, стала непазбежнай.
Чытайце таксама:
Зрынутага прэзідэнта Нігера будуць судзіць за дзяржздраду
Ці здольная ECOWAS задушыць прарасійскую хунту Нігера? Аналізуем