Былы агент ФБР прызнаўся ў судзе, што працаваў на расійскага алігарха
Былы кіраўнік аддзела контрвыведкі ФБР Нью-Ёрка Чарльз Мак-Гонігал прызнаў, што пасля адстаўкі працаваў на расійскага бізнэсмена Алега Дзерыпаску і збіраў кампрамат на яго канкурэнта, прэзідэнта «Нарнікеля» Уладзіміра Патаніна. Аб гэтым Мак-Гонігал заявіў у судзе, піша «Медуза».
16.08.2023 / 08:16
Алег Дзерыпаска. Фота: Igor Russak / NurPhoto via Getty Images
«Я дамовіўся… аб зборы з адкрытых крыніц прыніжальнай інфармацыі пра расійскага алігарха Уладзіміра Патаніна, дзелавога канкурэнта Алега Дзерыпаскі», — сказаў Мак-Гонігал. Паводле яго слоў, сабраную інфармацыю маглі выкарыстоўваць, каб «паспрабаваць уключыць Патаніна ў санкцыйны спіс ЗША».
У судзе 55-гадовы Мак-Гонігал прызнаў віну ў змове з мэтай парушэння санкцый ЗША супраць Дзерыпаскі, які трапіў пад абмежаванні амерыканскіх улад у 2018 годзе. Ён заявіў, што «глыбока раскайваецца» ў сваіх дзеяннях.
Былы афіцэр ФБР заявіў, што атрымаў 17,5 тысячы даляраў за дапамогу Дзерыпаску.
Паводле пракурора ЗША Рэбекі Дэл, Мак-Гонігал таксама спрабаваў дапамагчы Дзерыпаску выйсці з санкцыйнага спіса і разам з саўдзельнікамі абмяркоўваў пошук файлаў, якія раскрываюць схаваныя актывы канкурэнта Дзерыпаскі на 500 мільёнаў даляраў.
У студзені Мінюст ЗША паведаміў, што затрымаў былога агента ФБР Чарльза Мак-Гонігала і былога расійскага дыпламата Сяргея Шастакова па шэрагу абвінавачанняў, у тым ліку аб парушэннях санкцый і адмыванні грошай. Па версіі следства, у 2019 годзе яны спрабавалі дабіцца адмены санкцый у дачыненні да Дзерыпаскі, а ў 2021 годзе пагадзіліся правесці расследаванне ў дачыненні да яго канкурэнта.
Вынясенне прысуду былому агенту ФБР прызначана на 14 снежня, яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Алег Дзерыпаска і Уладзімір Патанін — найбуйнейшыя акцыянеры «Нарнікеля». Яны з 2008 года канфліктуюць з-за кантролю ў кампаніі.
Чытайце таксама:
Украіна нацыяналізавала мільярдныя актывы расійскіх алігархаў
Італія замарозіла актывы расійскіх алігархаў на два мільярды еўра