У Гомелі камусьці вынеслі рэкордна суровы прысуд па справе аб «рэабілітацыі нацызму»

Гомельскі абласны суд вынес блізкі да максімальнага прысуд за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання, дзейнасць якога накіраваная на рэабілітацыю нацызму». «Флагшток» заўважыў гэта кароткае паведамленне ў дзяржаўнай прэсе і расказвае, што пра гэту справу ўвогуле вядома.

16.08.2023 / 22:38

З афіцыйнага паведамлення вынікае, што жыхара Рагачова абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання». Мужчына нібыта стварыў тэлеграм-канал, у якім былі знойдзеныя выказванні Гітлера і выявы нацысцкай сімволікі.

Суд прайшоў у закрытым рэжыме, прозвішча абвінавачанага і іншыя падрабязнасці судовага працэсу не паведамляюцца. У выніку суд прызначыў абвінавачанаму пакаранне ў выглядзе 11 з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

У дзейнай рэдакцыі Крымінальнага кодэкса Беларусі ёсць толькі адзін артыкул, які прадугледжвае магчымасць такога суровага пакарання за падобныя злачынствы — арт. 130-1 ч. 3 «Наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб альбо якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека альбо іншыя цяжкія наступствы». Артыкул быў унесены ў Крымінальны кодэкс у маі 2021 года.

Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — 12 гадоў пазбаўлення волі. Пра вынясенне максімальна суровых прысудаў па ім раней не паведамлялася.

Пры гэтым у афіцыйным раскладзе судовых пасяджэнняў Гомельскага абласнога суда апошнім часам разгляду крымінальнай справы, якая б цалкам падыходзіла пад гэта апісанне, «Флагштокам» не зафіксавана.

Чытайце таксама:

Бацьку траіх непаўналетніх дзяцей з Брэста асудзілі за абразы Лукашэнкі і чыноўнікаў

68-гадовую жанчыну асудзілі да шасці гадоў калоніі за каментары

У Гомелі пачаўся суд аб наёмніцтве, фінансаванні і садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці

Nashaniva.com