Брытні Спірс разышлася з трэцім мужам праз год пасля вяселля

Пара — а Брытні на 12 гадоў старэйшая — упершыню сустрэлася на здымках музычнага кліпа Спірс у 2016 годзе і ажанілася на невялікай, але зорнай цырымоніі ў чэрвені 2022 года.

17.08.2023 / 12:54

Брытні Спірс і Сэм Асгары. Фота Axelle / Bauer-Griffin / FilmMagic / Getty Images

Поп-зорка Брытні Спірс і яе муж Сэм Асгары рассталіся пасля 14 месяцаў шлюбу, паведамляе Бі-бі-сі.

Пара ўпершыню сустрэлася на здымках музычнага кліпа Спірс у 2016 годзе і ажанілася на невялікай, але зорнай цырымоніі ў чэрвені 2022 года.

29-гадовы Асгары падтрымаў 41-гадовую Спірс у лячэнні яе псіхічнага здароўя і ў працэсе завяршэння апякунства, якое меў над ёй яе бацька.

Але чуткі аб іх шлюбных спрэчках абляцелі таблоіды ЗША.

Прадстаўнікі Спірс і Асгары пакуль не далі каментароў.

Першым гэтую навіну апублікавала выданне TMZ, а крыніца пацвердзіла навінаваму агенцтву Associated Press, што Асгары падаў на развод.

Мадэль і фітнэс-трэнер ірана-амерыканскага паходжання пазнаёміўся са Спірс падчас здымак кліпа на песню Slumber Party.

Ён адыграў ключавую ролю падчас яе барацьбы па апякунстве з бацькам Джэймі, апранаў футболку Free Britney і выкладваў фота ў Instagram перад важным судовым слуханнем.

Асгары зрабіў прапанову Спірс у сваім доме ў верасні 2021 года.

Падчас заручын пара абвясціла, што чакае сваё першае дзіця, але пазней паведаміла, што ў яе здарыўся выкідак.

Іх вяселле ў доме суперзоркі ў Таўзенд-Оўкс, штат Каліфорнія, было інтымным і ў той жа час раскошным, на ім прысутнічалі такія знакамітасці, як Пэрыс Хілтан, Мадона і Дру Бэрымар.

Але нядаўна пару заўважылі на публіцы без заручальных кольцаў.

Спірс яшчэ не абвясціла пра разрыў у сацыяльных сетках. Яе апошні пост у Instagram, апублікаваны пасля з'яўлення скандальных навін, паведамляў толькі аб планах купіць каня.

Развод адбываецца ў той час, калі Спірс рыхтуецца апублікаваць свае мемуары «Жанчына ўва мне» ў кастрычніку гэтага года.

Раней яна была замужам за сябрам дзяцінства Джэйсанам Аляксандрам на працягу 55 гадзін у 2004 годзе і рэперам Кевінам Федэрлайнам з 2004 да 2007 года. Ад Федэрлайна ў яе двое дзяцей.

Чытайце таксама:

Бельгійскі ўніверсітэт запускае курс аналізу тэкстаў Тэйлар Свіфт

Нейрабіёлагі аднавілі песню Pink Floyd па запісаных мазгавых хвалях слухачоў

Памёр музыкант — легенда контркультуры. Аднак пра сваю шалёную папулярнасць ён даведаўся праз 30 гадоў

Nashaniva.com