Літва ў жніўні правядзе комплексныя вучэнні па сцэнарах новага плана прыкрыцця мяжы

Да вучэнняў, якія папярэдне прызначаныя на 25 жніўня, Літва хацела б прыцягнуць калегаў з Латвіі, Польшчы і Эстоніі, аднак форма іх удзелу не ўдакладняецца.

17.08.2023 / 13:47

Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас і міністарка ўнутраных спраў Агне Білатайце. Фота: фэйсбук Агне Білатайце

Літва ў жніўні правядзе вучэнні памежнай службы, арміі, а таксама іншых структур, уключаных у новы план прыкрыцця мяжы з Беларуссю. Пра гэта заявіла журналістам міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце, піша ТАСС.

«Адным са сцэнароў жнівеньскіх вучэнняў будзе забеспячэнне абароны мяжы ад нелегальнай міграцыі. Трэба будзе таксама адпрацаваць рэакцыю на імаверныя гібрыдныя ваенныя пагрозы», — сказала яна.

Паводле слоў кіраўніка МУС, важна праверыць узровень узаемадзеяння супрацоўнікаў пагранічнага ведамства і вайскоўцаў. «Ставіцца задача дамагчыся эфектыўнага ўзаемадзеяння па забеспячэнні дзяржаўнай бяспекі», — адзначыла Білатайце.

Да вучэнняў, якія папярэдне прызначаныя на 25 жніўня, Літва хацела б прыцягнуць калегаў з Латвіі, Польшчы і Эстоніі, аднак форма іх удзелу не ўдакладняецца.

Урад Літвы на пачатку ліпеня зацвердзіў план прыкрыцця мяжы, які прадугледжвае прыцягненне войска і адаптаваны да новых пагроз. Ён дае магчымасці больш гнутка рэагаваць на змяненне сітуацыі, прадугледзець умовы дыслакацыі на мяжы арміі і добраахвотніцкіх падраздзяленняў, а таксама дазваляе пазбегнуць дадатковых узгадненняў пры аўтаматычным запуску механізму гэтых мер.

План агаворвае парадак дзеянняў пры ўвядзенні ўзмоцненага рэжыму аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, частка якой з'яўляецца знешняй мяжой Еўрасаюза.

Чытайце таксама:

Літоўскі дэпутат пра закрыццё двух памежных пераходаў: Гэта сігнал Лукашэнку

Краіны Балтыі і Польшча абмяркуюць пытанне закрыцця мяжы з Беларуссю ўжо ў гэтым месяцы

Літва ўсё ж закрывае два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю

Беларусы расказалі, што адбываецца на мяжы з Літвой напярэдадні магчымага закрыцця КПП

Ціханоўская звярнулася да літоўцаў: Беларусы не маюць і ніколі не будуць мець ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў

Nashaniva.com