Зрабіў заўвагу, што пры чханні трэба прыкрываць рот, і атрымаў бутэлькай па галаве

Канфлікт у чарзе ў краме закончыўся крымінальнай справай для 47-гадовага мінчука, якога абвінавачваюць у прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, піша «Мінск-Навіны».

17.08.2023 / 14:19

Уначы ў адной з крам на вул. Сяліцкага ў Мінску здарыўся канфлікт паміж пакупнікамі, якія стаялі ў чарзе. Пʼяны мужчына чхнуў, не прыкрыўшы рота рукой, і малады чалавек зрабіў яму заўвагу, на што першы стаў нецэнзурна лаяцца.

Пасля ўжо на вуліцы нецвярозы мужчына штурхнуў хлопца, на што той папрасіў быць акуратнейшым. Гэтыя словы прывялі мужчыну ў лютасць, і ён разбіў аб галаву хлопца шкляную бутэльку, а затым ударыў яе рыльцам у жывот.

Відавочцы выклікалі хуткую і міліцыю. Пацярпелага з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі даставілі ў бальніцу.

Абвінавачаны раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.

Nashaniva.com