Палякі плануюць пабудаваць агароджу і на мяжы з Расіяй

Кіраўніцтва Польшчы перакананае, што на меркаваным рэферэндуме палякі не толькі падтрымаюць будаўніцтва сцяны на мяжы з Беларуссю, але і выступяць за распаўсюджанне гэтай практыкі на мяжу з Калінінградскай вобласцю Расіі, паведамляе Польскае радыё.

17.08.2023 / 18:12

Польска-беларуская мяжа. Фота: Maciej Luczniewski/NurPhoto via Getty Images

Будаўніцтва агароджы на польска-беларускай мяжы вельмі важнае, асабліва ў цяперашняй палітычнай сітуацыі, паколькі гэта пытанне бяспекі не толькі Польшчы, але і ўсёй Еўропы. Плот на мяжы абараняе ад наплыву нелегальных мігрантаў, а цяпер таксама наймітаў з ПВК «Вагнер». Гэта сцвярджаў міністр адукацыі Польшчы Пшэмыслаў Чарнэк, прадстаўляючы ў Сейме абгрунтаванне ўрадавай прапановы аб правядзенні агульнанацыянальнага рэферэндума па гэтым пытанні.

Больш за тое, палітык ад кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» выказваў перакананне, што палякі на рэферэндуме падтрымаюць ідэю працягваць будаўніцтва сцяны далей:

«Таму палякі адкажуць: Працягваем будаваць! Ідэнтычную агароджу мы пабудуем таксама на мяжы з Расіяй, то бок з Калінінградскай вобласцю. Мы будзем абараняць бяспеку польскай дзяржавы».

Пытанне, па якім польскае кіраўніцтва прапануе выказацца грамадзянам на рэферэндуме, гучыць так: «Ці падтрымліваеце вы ліквідацыю агароджы на мяжы паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь?»

Рэферэндум плануецца правесці разам з парламенцкімі выбарамі, то-бок 15 кастрычніка.

Чытайце таксама:

Польскі МУС: Лукашэнка паспрабуе ўмяшацца ў выбары ў Польшчы

Прэзідэнт Польшчы расказаў, што павінен зрабіць Мінск для паляпшэння адносін з Варшавай

Краіны Балтыі і Польшча абмяркуюць пытанне закрыцця мяжы з Беларуссю ўжо ў гэтым месяцы

Nashaniva.com