«Ніхто і ніколі не зможа адабраць нашу любоў да цябе». Святлана Ціханоўская — у дзень нараджэння мужа

Святлана Ціханоўская апублікавала зварот да асуджанага на 19 з паловай гадоў мужа, які ўжо чацверты запар дзень народзінаў сустракае за кратамі.

18.08.2023 / 09:09

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Дарагі Сяргей,

Кожны дзень Агнія і Карней прачынаюцца і засынаюць з пытаннем, як справы ў таты. Бо ўжо даўно мы не атрымліваем ад цябе ніякіх вестак. Але я заўсёды кажу ім, што тата моцны і з усім справіцца. Я шчыра веру ў гэта, таму што ведаю цябе, Сяргей.

Яны гатовыя па дзесятку разоў за дзень пракручваць адно і тое ж відэа з табой, толькі каб убачыць, як тата усміхаецца. А калі мы глядзім нашы фатаграфіі, Агнія і Карней кажуць «У нас самы лепшы тата на свеце». У гэты момант я ўсміхаюся, таму што ведаю, што ніхто і ніколі не зможа адабраць нашу любоў да цябе.

Агнія вельмі любіць маляваць. І ніводны з яе малюнкаў не абыходзіцца без цябе, дарагі Сяргей. На яе малюнках ты ідзеш да нас насустрач, абдымаеш, і мы ўсе трымаемся за рукі. Нядаўна Агнія паказвала мне свае новыя малюнкі і сказала: «Мама, я хачу, каб карцінкі на маім малюнку ажылі і тата быў побач». Гэта наша агульнае жаданне, і сёння мы загадаць яго ўсе разам.

Мы любім цябе і чакаем».

Чытайце таксама:

Сяргею Ціханоўскаму споўнілася сёння 45 гадоў

Nashaniva.com