«Белавія» прадала адзін са сваіх «Боінгаў»

Авіякампанія «Белавія» прадала самалёт Boeing 737-500 EW-290pa. Ён абышоўся пакупніку амаль у 6 млн рублёў, або ў 1,9 млн даляраў, паведамляецца на сайце гандлёвай пляцоўкі «ИПМ-Торги».

18.08.2023 / 17:11

Фота: ipmtorgi.by

Самалёт купілі за суму, на 2% даражэйшую за пачатковую цану ў 5,7 млн рублёў. У склад лота, акрамя уласна самалёта, увайшлі таксама два рухавікі і дапаможная сілавая ўстаноўка.

У аўкцыёне ўдзельнічаў адзін купец, ён самалёт і набыў. Хто менавіта гэта быў, не паведамляецца. Працаздольнасць рухавіка, вузлоў і агрэгатаў у самалёце пры выстаўленні на таргі не правяралася.

У лістападзе 2021 года «Белавія» ўжо прадала Boeing 737-500 EW-250pa амаль за 3,1 млн рублёў.

Паводле даных на 15 жніўня гэтага года, парк авіякампаніі складае 14 самалётаў, уключаючы прададзены Boeing 737-500. Такім чынам, цяпер у нацыянальнага перавозчыка засталося 13 самалётаў.

Да ўвядзення санкцый праз прымусовую пасадку самалёта RyanAir у траўні 2021 года ў Мінску паветраны флот «Белавія» налічваў 29 самалётаў.

Чытайце таксама:

З «Белавія» разрывае супрацоўніцтва нацыянальная авіякампанія ААЭ

Улады Грузіі «дэтальна вывучаць» новыя санкцыі ЗША ў дачыненні да «Белавія»

Плануюцца чысткі на авіяцыйных прадпрыемствах — Матолька

Nashaniva.com