Памёр расійскі акцёр Ігар Ясуловіч. Яго продкі былі беларусы
Ён літаральна месяц не дажыў да 82-годдзя.
19.08.2023 / 14:44
Фота: Dmitry Rozhkov для wpeda.org
Ігар Ясуловіч нарадзіўся 24 верасня 1941 года ў Куйбышаўскай вобласці ў сям'і вайскоўца. Яго продкі былі беларусамі.
У кіно здымаўся з 1961 года, сыграў больш за 320 роляў. Першая роля — фізік Фёдараў — у фільме «Дзевяць дзён аднаго года», але акцёр здымаўся ў ролях другога плана і эпізодах. Напрыклад, у «Брыльянтавай руцэ» зняўся ў ролі суседа з сабачкам. Таксама вядомы ролямі ў фільмах «Айбаліт-66», «Шчыт і меч», «Маёр Віхор», «Каралева Марго», «12 крэслаў». «Залатое цяля», «Каменская» ды інш.
У Ясуловіча, у адрозненне ад некаторых іншых акцёраў, была ясная грамадзянская пазіцыя.
Ён неаднаразова браў удзел у праваабарончых, дабрачынных, апазіцыйных і антываенных акцыях і мерапрыемствах.
Выступаў за вызваленне Святланы Бахміной, Міхаіла Хадаркоўскага, Платона Лебедзева, удзельніц гурта «Pussy Riot».
Уваходзіў у грамадскую камісію, якая праводзіла незалежнае расследаванне падзей на Балотнай плошчы, якая прыйшла да высновы, што сутыкненні былі справакаваныя прадстаўнікамі праваахоўных органаў, а ўдзельнікі дэманстрацыі вымушаныя былі абараняцца, калі іх беспадстаўна затрымлівалі і збівалі.
На прэзідэнцкіх выбарах 2012 года падтрымаў кандыдатуру Міхаіла Прохарава. У сакавіку 2014 года разам з шэрагам іншых дзеячаў культуры падпісаў зварот супраць палітыкі расійскай улады ў анексаваным Крыме.