Расіяне перасталі ехаць — і наступіла зацішша. Як аўтабізнэс перажывае лета-2023
Цягам лета курс расійскага рубля адносна даляра вырас з каля 80 да каля 100 рублёў. Гэта моцна адбілася на пакупніцкай здольнасці расіян, што ў сваю чаргу негатыўна паўплывала на аўтамабільны бізнэс у Беларусі. «Наша Ніва» пагутарыла з прадстаўнікамі гэтага бізнэсу, каб даведацца пра сітуацыю. «Заробкі на машынах былі надта высокія», — прызнаецца адзін з іх.
22.08.2023 / 09:13
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Аўтакаміс: Няма таго, што раньш было
Уласнік аўтакаміса, які збольшага спецыялізуецца на продажы свежапрыгнаных машын з Еўропы і ЗША, кажа, што абароты гэтым летам вельмі слабыя, калі параўноўваць з тым, што было год таму.
«Летась на маёй пляцоўцы былі вольныя месцы. Машыны прадаваліся вельмі бадзёра, на доўга не затрымліваліся. Тады за месяц мы прадавалі па 30-40 аўто. Каля паловы купцоў былі расіяне», — прызнаецца бізнэсмен.
Цяпер, па словах суразмоўцы, машын на пляцоўцы больш, вольных месцаў даўно няма, але, нягледзячы на шырэйшы выбар, за месяц з пляцоўкі прадаецца не больш за 15 машын.
«Расіянам апошнія разы прадавалі машыны ў чэрвені. За ліпень і амаль увесь жнівень на РФ ад нас не паехала ніводнага аўто, бо курс пайшоў угару і расіяне амаль цалкам зніклі».
Тым не менш, мужчына не лічыць, што сітуацыя зусім сумная, паколькі беларусы працягваюць купляць аўтамабілі.
«Нашы людзі таксама цікавяцца свежымі аўто, але гэта машыны, якія каштуюць не даражэй за 15—20 тысяч. Машыны ў гэтым цэнавым сегменце прадаюцца, а вось тыя, хто прыцягнуў аўто коштам ад 30 тысяч і даражэй з разлікам на рускіх — аказаліся ў складанай сітуацыі.
Падобных машын вельмі шмат, а вось попыт на іх нізкі. Бачу, што некаторыя пачынаюць зніжаць цэны, але гэта не вельмі моцна дапамагае, бо курс у Расіі за некалькі месяцаў так прасеў, што ніякай зніжкай не кампенсуеш», — кажа суразмоўца.
Па назіраннях аўтакамісіянера, цяпер продажы не нашмат горшыя за 2019—2020 гады.
«Проста ўсе прадаўцы хутка прызвычаіліся да таго, што машыны прывезеныя з ЕС і ЗША прадаваліся вельмі добра. Амаль год так і было, што машыны разбіралі як пернікі. Сёлета такога дакладна няма, ды і ў агляднай будучыні наўрад ці нешта падобнае зноў будзе», — лічыць уласнік аўтакаміса.
Перагоншчык: За ліпень прадаў адну машыну
Наш іншы суразмоўца займаецца прыгонам машын з Еўропы. Мужчына скардзіцца, што продажы гэтым летам амаль ніякія.
«У мяне звычайна 3—4 аўто ў наяўнасці. Апошнія месяцы, калі яны прадаваліся нармальна, былі май і пачатак чэрвеня. Тады яшчэ да нас даволі актыўна ехалі перакупы з Расіі. Потым курс ізноў пачаў расці, а цікавасць да машын зніжацца. За ліпень прадаў адну машыну і адну за жнівень. Абедзве засталіся ў Беларусі. З Расіі калі нехта і піша, то прапануюць такія цэны, што нават у нуль не выйдзеш», — прызнаецца перагоншчык.
Мужчына ўпэўнены, што калі да нас зноў актыўна не паедуць расіяне, то продажы будуць слабыя, а цэны крыху пачнуць зніжацца.
«Ужо цяпер пачынае назірацца такая тэндэнцыя, што народ хоць і паціху, але зніжае цэны. Таргуюцца цяпер таксама больш ахвотна. Летась такога не было.
Зараз рынак відавочна перанасычаны. Ахвотных займацца перапродажам аўто з Еўропы ці Штатаў значна больш, чым тых, хто гатовы іх купляць», — лічыць мужчына.
Па словах суразмоўцы, у пікавыя месяцы 2/3 з прывезеных ім машын пазней накіроўваліся ў РФ.
«Цяпер на Расію машыны таксама едуць, але не так шмат, як было год ці паўгода таму. На «Малінаўцы» стала заўважна больш машын, чым было мінулым летам. Мяркую, што калі нічога не зменіцца, то рынку спатрэбіцца месяцаў 5-6, каб пераварыць тое, што ўжо паспелі прывезці.
Да таго ж не трэба забывацца пра тое, што з 1 жніўня ў Расіі выраслі стаўкі ўтылізацыйнага збору, калі машыну перапрадаяце ў першы год пасля рэгістрацыі. Гэты чыннік таксама негатыўна адаб'ецца на нашым рынку, бо расійскім перакупам стане складаней займацца перапродажам аўто з Беларусі. А ў нас менавіта перакупшчыкі з'яўляліся асноўнымі кліентамі, паколькі звычайныя аўтааматары з РФ даязджалі да нас даволі рэдка».
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«Заробкі на машынах былі надта высокія»
На думку перагоншчыка са стажам, на перанасычанасць рынку ўплывае не толькі курс расійскага рубля.
«У гэты бізнэс за год прыйшло шмат выпадковых людзей, калі ўсе даведаліся, што на машынах можна добра зарабляць. Пачалі ўкладваць грошы ў машыны. То-бок прадаўцоў стала больш, чым было да вайны. Многія дарэчы паспелі добра падзарабіць, бо такіх пад'ёмаў, якія былі на піку, ніколі раней не было».
Суразмоўца прызнаецца, што заробкі на машынах былі надта высокія.
«Людзям падабалася, калі на аўто за 25—30 тысяч яны зараблялі 5. Так сапраўды было, але гэта, шчыра кажучы, не нармальна, бо звычайна перагоншчык разлічваў не больш, чым на 10% заробку».
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«Многія адракаюцца такой задумы»
Менеджар кампаніі, якая займаецца аўтамабілямі з ЗША на замову кажа, што цікавасць да куплі аўто са Штатаў ёсць, але кліентаў гэта не прыбаўляе.
«Людзі цікавяцца, бо ведаюць, што гэта выгадна, але калі даведваюцца, колькі ёсць падводных камянёў — так большасць адмаўляецца ад такой задумы. Ёсць праблемы з разлікамі, няма разумення, што будзе праз 2-3 месяцы, пакуль машына будзе дабірацца да кліента. Такая нестабільнасць адштурхоўвае многіх».
Менеджар кажа, што ў нейкі перыяд у іх пачало з'яўляцца шмат кліентаў, якія замаўлялі машыну нібыта для сябе, але праз нейкі час яны вярталіся зноў, бо тую машыну ўжо прадалі.
«Некаторыя паспелі за год так па дзве-тры машыны замовіць. Але цяпер, наколькі я ведаю, многія з іх не могуць пазбавіцца ад машын, бо на рынку зацішша», — кажа менеджар.
«Народныя» аўто заўжды карыстаюцца попытам
Суразмоўца з ліку перакупаў, які займаецца «народнымі» аўто, кажа, што на рынку недарагіх аўто ніякіх змен не адбываецца.
«Машынамі за 5—10 тысяч даляраў расіяне ніколі не цікавіліся, таму на гэты сегмент сітуацыя ў РФ ніяк не ўплывае. «Народныя» машыны заўжды добра прадаюцца. Галоўнае, каб стан быў добры і цана адэкватная».
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Што тычыцца зніжэння цэн, то, па словах перакупшчыка, машыны, якія ўжо даўно ездзяць па Беларусі не толькі не губляюць у цане, а наадварот растуць.
«Цэны цяпер высокія, яны не зніжаюцца і наўрад ці будуць, бо ніхто не прыгоніць з Еўропы машыну, каб яна тут каштавала 5—7 тысяч. Гэта немагчыма праз высокія мытныя пошліны і дарагую дастаўку. Таму самыя запатрабаваныя сярод беларусаў аўтамабілі — менавіта тыя, што ўжо даўно ездзяць тут. І гэта не таму, што яны нейкія там суперкласныя. Проста іншага выбару няма. Бо каб нешта прыгнаць з Еўропы ці Штатаў, трэба мець не менш за 12—15 тысяч, а такіх грошай у большасці беларусаў проста няма», — канстатуе перакупшчык.
Мінская фірма прапануе машыны з Еўропы на замову па нерэальна нізкіх цэнах. У чым падвох?
Чаму ў Пецярбургу масава гараць новыя аўтобусы МАЗ? Наступствы санкцый
Машына як віно. Чаму ў Беларусі растуць цэны на аўтамабілі родам з нулявых