У Малдову не пусцілі кампазітара фільмаў Кустурыцы. У 2015 годзе ён выступаў у акупаваным Крыме

Горан Брэгавіч прыляцеў у Кішынёў для выступлення на фестывалі, але на пашпартным кантролі яму адмовілі ва ўездзе ў краіну.

20.08.2023 / 21:47

Горан Брэгавіч у Берліне, чэрвень 2023 года. Фота: Frank Hoensch / Redferns via Getty Images.

Малдаўскія памежнікі дагэтуль не пракаментавалі рашэнне, але медыя паведамляюць, што яно можа быць звязана з падтрымкай анексіі Крыма і выступленнямі там у 2015 годзе. Пасля гэтага яго выступленні адмянілі ва Украіне і Польшчы, аднак у Малдове ён выступаў у 2019 годзе, а пра выступленне на сёлетнім мерапрыемстве было вядома з красавіка. 

Арганізатары фестывалю Gustar апублікавалі паведамленне самога музыканта. «Мы былі вельмі расчараваныя, калі ў аэрапорце Кішынёва нас не пусцілі ў Малдову без афіцыйных тлумачэнняў. Я шмат гастралюю са сваімі музыкамі па ўсёй Еўропе і нідзе не сутыкаўся ні з якімі цяжкасцямі. Але запэўніваю, мы пастараемся зрабіць так, каб наступным разам мае выступы ў Малдове не сустрэлі ніякіх перашкод. З нецярпеннем чакаем наступных сустрэч», — заявіў Брэгавіч.

73-гадовы Брэгавіч — адзін з самых вядомых сучасных кампазітараў з былога сацлагера, аўтар музыкі да некаторых фільмаў Эміра Кустурыцы. 

Nashaniva.com