«Час лятаць на сваіх». Пархомчык заявіў, што Беларусь рыхтуецца выпускаць свае самалёты

Самалёт беларускай вытворчасці — гэта рэальна, сказаў на АНТ намеснік прэмʼер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык.

21.08.2023 / 07:48

Скрын відэа

«Мы плануем вырабляць у сябе лёгкі 12-мясцовы самалёт ЛМС-401, набыць для гэтага ўсе кампетэнцыі. Знаходзімся на этапе распрацоўкі доследна-канструктарскіх работ — нашы спецыялісты будуць распрацоўваць, а потым ужо вырабляць. Спатрэбіцца ўдзел Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі нумар 407 і 558-га авіяцыйнага рамонтнага завода ў Баранавічах», — сказаў ён.

Паводле Пархомчыка, для гэтага спатрэбіцца будаўніцтва дадатковых вытворчых магутнасцяў у частцы механаапрацоўкі, у частцы будаўніцтва корпуса для зборкі даных самалётаў.

«Часу ў нас абсалютна няма, гэта трэба рабіць хутка аператыўна», — сказаў ён.

«Тэма абсалютна патрэбная, гэта новы вектар развіцця, хопіць нешта рамантаваць, час лятаць на сваіх самалётах», — лічыць Пархомчык.

Віцэ-прэмʼер дадаў, што зараз у Беларусі рэалізуецца 17 інвестыцыйных праектаў на 127 млрд расійскіх рублёў. Дадаткова на ўзгадненні знаходзяцца 12 праектаў на 37 мільярдаў рублёў.

Чытайце таксама:

На борце аднаго з самалётаў «Белавія» адбылася разгерметызацыя

«Белавія» прадала адзін са сваіх «Боінгаў»

Круты заявіў, што ўжо пачалі рэалізацыю праекта сумеснага беларуска-расійскага самалёта

Nashaniva.com