Уладзімір Някляеў адрэагаваў на тое, што кнігу яго выбраных твораў прызналі экстрэмісцкай
Кнігі Геніюш, Арсенневай і Някляева трапілі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на падставе рашэння суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 15 жніўня. Вядомага пісьменніка Уладзіміра Някляева з гэтай нагоды засыпалі пытаннямі, піша «НВ». Вось што ён адказаў.
21.08.2023 / 09:42
Уладзімір Някляеў. Фота: «Наша Ніва»
«Пасля таго, як кніга маіх выбраных твораў была прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі», у мой прыват у фэйсбук накідалася шмат пытанняў. Пытаюць, «што канкрэтна знайшлі ў кнізе экстрэмісцкае», «чаму для гэтага выбралі менавіта вашу кнігу выбранага» і г. д., — гаворыць Някляеў.
— Найважнае сярод усіх — пытанне настаўніцы з радзімы Уладзіміра Караткевіча: «Калі разам з вашымі творамі назвалі экстрэмісцкімі вершы Наталлі Арсеньевай, Ларысы Генюш і нават 200 гадоў таму напісаныя вершы Дуніна-Марцінкевіча, дык што далей? Што будзе з Багушэвічам, Купалам, Коласам, Багдановічам, Караткевічам, Быкавым — з усёй беларускай літаратурай?»
Будзе тое (яно ўжо ёсць), што некалі было, і пра што напісана ў рамане «Гэй Бэн Гіном», пра які ў мяне пыталіся: навошта я ўзяўся за гістарычны твор, калі столькі наўкол сучасных сюжэтаў?
Дык вось сюжэт гэтага рамана з цкаваннем, пераследам і ўрэшце забойствам нацыянльнага генія Янкі Купалы, вынішчэннем беларускага слова як генетычнага кода нацыі і ёсць самым сучасным сюжэтам. Хоць пачаўся ён не ад сёння і не ад Купалы, і нават не ад Дуніна-Марцінкевіча — сучаснаму гэтаму сюжэту ўжо 300 гадоў.
І што з яго вынікае? Толькі адно.
Якія б хвалі вынішчэння мовы, культуры, гістарычнай памяці народа ні ўздымаліся ў мінулых стагоддзях, яны разбіваліся аб таямнічую, невытлумачальную (рамантычна выпісаную Караткевічам) векавечную моц беларушчыны, якая ў нашай зямлі і ў нашай вадзе. Гэтак будзе і цяпер. Слова беларускае ўсё ператрывае і ўсіх сваіх ненавіснікаў перажыве».
Чытайце таксама:
Кнігі Геніюш, Арсенневай і Някляева трапілі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў
Алесь Жук: Беларускіх пісьменнікаў і ўсю нашу літаратуру будуць трымаць у чорным целе
Някляеў: Моцы сэрца майго ўжо не стае глядзець на тое, што дзеецца ў Айчыне…