У Маскве загінулі ўдзельнікі экскурсіі па падземных калектарах. Яны патанулі падчас наймацнейшай залевы
Колькі чалавек прыйшло на экскурсію, невядома. Запісаліся на яе больш за 20 чалавек.
21.08.2023 / 13:25
У Маскве падчас залевы, якая прайшла 20 жніўня, зніклі як мінімум пяць чалавек, якія адправіліся на экскурсію па падземных калектарах.
Паводле даных Baza, сярод удзельнікаў экскурсіі былі 47-гадовы кіраўнік PR-службы кампаніі «Ланіт» Дзмітрый Маркушкін, яго 15-гадовая дачка Лізавета, іх 18-гадовы сваяк Глеб Лагашын і яго сяброўка. Вёў экскурсію дыгер-гід.
Пасля залевы з групай знікла сувязь, сваякі зніклых звярнуліся ў паліцыю.
21 жніўня, пішуць Mash і 112, у Маскве-рацэ былі выяўленыя целы юнака і дзяўчыны.
Паводле Shot, знойдзены тры целы: юнака і дзвюх дзяўчат.
Baza таксама паведамляе аб трэцім знойдзеным целе, але піша, што пакуль невядома, ці ідзе гаворка пра каго-небудзь з людзей, зніклых падчас экскурсіі па калектарах.
Пошукі астатніх сяброў групы працягваюцца. Правяраецца інфармацыя, што ў экскурсіі маглі ўдзельнічаць больш за 20 чалавек.
Як адзначае канал 112, на сайце, дзе можна было за 9 тысяч расійскіх рублёў з чалавека заказаць экскурсію па калектарах, гаворыцца, што мерапрыемства не праводзіцца падчас дажджу. Чаму гэтае правіла было парушана, пакуль невядома.