«Не перасварыліся». У Кіеве прайшла закрытая сустрэча байцоў з усіх беларускіх фармаванняў, якія ваююць ва Украіне

Прадстаўнікоў штаба палка імя Кастуся Каліноўскага на ёй не было. Як і Валера Сахашчыка, піша «Радыё Свабода». 

21.08.2023 / 15:04

 Беларусы, якія ваююць на баку Украіны. Архіўнае фота

На выхадных 19-20 жніўня ў Кіеве адбыўся сход беларускіх добраахвотніцкіх фармаванняў, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях ва Украіне. Яе арганізатарам выступіла Асацыяцыя беларускіх добраахвотнікаў, якая аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах беларусаў-ветэранаў, што прайшлі праз вайну.

Кіраўнік Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў Андрэй Кушняроў (пазыўны «Рыцар») паведаміў, што на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады, атрада «Атам», а таксама асобныя ваяры з Беларускага добраахвотніцкага корпусу, батальёнаў «Волат» і «Ліцвін» (гэтыя батальёны ўваходзяць у полк імя Кастуся Каліноўскага), а таксама II Інтэрнацыянальнага легіёна. Гэта людзі з усіх беларускіх фармаванняў, якія на гэты момант ваююць ва Украіне, раней такія сустрэчы не арганізоўваліся. 

Апроч таго, на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі грамадзянскіх і парамілітарных арганізацый — фонду «Вольная Беларусь», грамадскага аб’яднання «Пагоня», «Паспалітага рушэння», добраахвотніцкага аб’яднання беларусаў у Літве «Літвіны», арганізацыі дапамогі беларускім добраахвотнікам «Крайт», рэабілітацыйнага цэнтра «Ланка». 

Сярод галоўных рашэнняў, ухваленых на сустрэчы добраахвотнікаў — правядзенне дабрачыннага марафону для збору сродкаў сем’ям загінулых беларусаў, а таксама сацыяльная падтрымка ваяроў і іх сем’яў.

«Для нас важна арганізаваць працэс рэгулярнага інфармавання беларускай дыяспары аб дзейнасці беларускіх добраахвотніцкіх фармаванняў. Рэч у тым, што іх дзейнасць не моцна прадстаўленая ў беларускіх і ўкраінскіх СМІ», — расказвае Андрэй Кушняроў. 

Пры гэтым на сустрэчы не было прадстаўнікоў штаба палка імя Кастуся Каліноўскага (найбуйнейшага беларускага фармавання. — РС), не прысутнічаў таксама і сябра Аб’яднанага пераходнага кабінета ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валер Сахашчык, які мае дачыненне да дзейнасці 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады. 

«Гэта першая сустрэча, на якой былі прадстаўнікі ўсіх падраздзяленняў. Мы сядзелі за адным сталом два дні і не пасварыліся. А адносіны між ваярамі крыху лепшыя, чым сярод штабоў. Наша мэта — дасягнуць рашэнняў, а не сутыкаць ілбамі людзей, у якіх ёсць палітычныя амбіцыі. Калі наступны раз байцы вырашаць зрабіць сваімі прадстаўнікамі людзей са штаба, то мы не будзем супраць», — сказаў Андрэй Кушняроў. 

Падобныя сустрэчы плануецца праводзіць і ў будучыні. Яе ўдзельнікі вырашылі, што такая пляцоўка павінна дзейнічаць рэгулярна. 

На цяперашні момант ва Украіне, паводле звестак «Радыё Свабода», ваюе каля паўтысячы беларускіх добраахвотнікаў. Сама меней 33 беларусы загінулі ад пачатку поўнамаштабнай вайны.

Чытайце таксама:

«Пашанцавала, што трапіліся такія суддзі». Беларускі добраахвотнік, якога падазраюць у забойстве пабраціма ў Літве, расказаў сваю версію падзей

Аляксандр Азараў — пра крыўду, агентуру, паездку ў Кіеў і сцэнар змены ўлады

Ці пайшоў бы Цімур на вайну, каб не жнівень 2020-га?

«Мы гатовыя былі сустрэць амапаўцаў». Дэмабілізаваны каліновец пра чатыры месяцы фронту, перажыванні і ПТСР

Nashaniva.com