Сталі вядомыя падрабязнасці аблавы ў Жлобіне

Нядаўна праваабаронцы паведамлялі пра затрыманні ў Жлобіне. Сталі вядомыя яе падрабязнасці.

21.08.2023 / 18:45

Злева направа, зверху ўніз: Аляксей Аўдзееў, Кацярына Заічкова, Аляксандр Савіцкі, Максім Калінічэнка

Падчас аблавы затрымалі пару — 28-гадовага Аляксея Аўдзеева і 26-гадовую Кацярыну Заічкову. Аляксей працаваў на Беларускім металургічным заводзе, але быў звольнены за ўдзел у стачцы 26 кастрычніка 2020-га. Цяпер падпрацоўвае таргетолагам, а Кацярына зарабляе фатаграфіяй. 

Як паведамляецца ў канале сілавікоў, супраць Кацярыны завялі адміністрацыйную справу за падпіску на «Люстэрка» ў інстаграме, а супраць Аляксея — крымінальную за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў у Жлобіне. Аляксей цяпер у ІЧУ г. Жлобін.

Дома ў пары ў вёсцы Пірэвічы, а таксама ў іх бацькоў адбыліся вобшукі, паведамлялі раней праваабаронцы.

Яшчэ адзін затрыманы — 37-гадовы Аляксандр Савіцкі. Калі верыць сацсеткам, мужчына працуе на Жлобінскай ТЭЦ. Яго вынівацяць ва ўдзеле ў паслявыбарчых пратэстах.

За гэта ж затрымалі і 21-гадовага Максіма Калінічэнку. У відэа сілавікоў хлопец кажа, што працуе на пуцявой машыннай станцыі №117 «Жлобін-Паўночны».

Чытайце таксама:

Распазнаванне твараў: што гэта такое, як яно працуе і якія здольнасці беларускіх сілавікоў

Затрымліваюць людзей, у якіх адшукалі фота з пратэстаў у Google Photos. Як абараніць сябе — пакрокавы гайд

Як надзейна вычысціць фоты з вашых смартфонаў — падрабязны гайд

Nashaniva.com