Вольга Карач склікала прэс-канферэнцыю — параўнала сябе з Меркель, Бяляцкім і заявіла, што беларускі рэжым хацеў яе забіць

Днямі Вольга Карач заявіла, што яе падазраюць у пагрозе нацыянальнай бяспецы Літвы і ў супрацы з расійскімі спецслужбамі. Каб усё патлумачыць, палітык арганізавала ў Вільні прэс-канферэнцыю, але пакінула больш пытанняў, чым адказаў.

22.08.2023 / 13:49

Напачатку мерапрыемства Карач спытала ў залі, хто тут агент КДБ ці ФСБ.

Разам з Вольгай да журналістаў выйшаў адвакат Рыціс Саўткаўскас. На англійскай мове Карач расказала прысутным, што яна праваабаронца, падзялілася інфармацыяй пра атрыманыя за працу прэміі і пра «Наш Дом» — праваабарончую арганізацыю ў Вільні, якую яна ўзначальвае.

Потым перайшла да таго, як яе бачыць беларускі і расійскі рэжымы. Параўнала сябе з Ангелай Меркель — маўляў, у 2021-м Лукашэнка абвінаваціў «спачатку Меркель, потым мяне» ў падрыве вузла сувязі расійскага ВМФ у Вілейцы. Карач адзначыла, што ў Беларусі яна ўключаная ў спіс тэрарыстаў. Таксама згадала, што пра яе згадвалі Рыгор Азаронак і Ігар Тур.

Як да Карач, на яе думку, ставіцца Масква? Тут актывістка паведаміла, што прапагандыстка Вольга Скабеева некалі параўноўвала Карач з Ірмай Грэзе. Гэта нацысцкая ваенная злачынца, адна з супрацоўніц Асвенцыма.

Пазней Карач пракаментавала дзеянні Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы — установы, якая палічыла яе пагрозай нацыянальнай бяспецы.

«Я цалкам нязгодная з аргументамі Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі. У снежні 2021 года я 17 дзён правяла ў сховішчы, бо літоўскія чыноўнікі мне перадалі, што беларускі рэжым хоча мяне забіць. Дагэтуль нікога вінаватага не знайшлі».

А потым Карач перайшла на эмоцыі: «Дэпартуйце мяне ў Беларусь, калі ласка, паглядзіце, што будзе. Мяне нядаўна намінавалі на Нобелеўскую прэмію («Наш дом» адна з арганізацый пакуль толькі прапанавала вылучыць на намінацыю. — «НН»). Згадайце Алеся Бяляцкага, яго таксама на яе намінавалі, і Літва перадала беларускаму рэжыму інфармацыю пра яго рахункі, ён трапіў у турму. Адчуваю, што мой выпадак падобны».

«Я вельмі злая, я не адступлю, не перастану даказваць свае імя і рэпутацыю. Ведаю, што я не агент і нікому не дасылала інфармацыю. Тое, што адбываецца ў Літве, неверагодна», — працягнула Вольга.

Цяпер Карач жыве ў Літве па дазволе на жыхарства, які сканчваецца 9 верасня. Расказвае, што ў краіне яна ўжо дзесяць гадоў, а год таму вырашыла падавацца на ўцякацтва, бо пачала адчуваць сябе небяспечна ў Літве.

Падчас прэс-канферэнцыі ў Вольгі цікавіліся паездкай у Маскву ў 2015 годзе — яна патлумачыла, што была там на канферэнцыі па запрашэнні Андрэя Суздальцава і яго асістэнта Дзмітрыя Балкунца.

Ці сустракалася Карач з людзьмі з расійскай разведкі? Яна не адмаўляе такую магчымасць: «Кожны дзень сустракаю дваццаць-пяцьдзесят чалавек і не магу гарантаваць, што не сустракалася са шпіёнамі».

Вольга адзначыла, што вясной яна атрымлівала папярэджанні ад Дэпартамента дзяржбяспекі, але змест тых размоў паабяцала захаваць да суда. Яна таксама адмовілася каментаваць, што дакладна напісана ў рашэнні міграцыі наконт яе — маўляў, баіцца аказаць ціск на суд.

Адзначым, Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы паведаміў, што прычыны, праз якія Карач палічылі пагрозай, не тыя, што яна агучвае публічна.

Паводле адваката Карач, рашэнне аб адмове ёй ва ўцякацтве яшчэ не набыло сілу, і актывістка будзе падаваць апеляцыю. З’язджаць з Літвы яна не збіраецца: «Я буду тут. У міграцыі два варыянты — пакінуць мяне тут ці адаслаць у Беларусь. Мне падабаецца Літва, я тут жыву дзесяць гадоў».

Калі ў Карач не атрымаецца ў літоўскіх судах, яна гатовая пайсці ў міжнародныя інстанцыі.

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы: Прычыны пагрозы бяспецы Літвы з боку Карач не тыя, пра якія яна гаворыць

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы лічыць, што Вольга Карач супрацоўнічала з расійскай разведкай — СМІ

«Грантасосы купаюцца ва ўзаемным крывадушшы». Цапкала апляваў марафон салідарнасці

Вера Белацаркоўская