Куратар аднаўлення Сабора Парыжскай Божай Маці загінуў у выніку няшчаснага выпадку
Куратар аднаўлення Сабора Парыжскай Божай Маці, экс-начальнік Генштаба Узброеных сіл Францыі Жан-Луі Жаржэлен загінуў у выніку няшчаснага выпадку. Гэта можа перашкодзіць планам завяршыць аднаўленне сабора да канца 2024 года.
22.08.2023 / 13:13
Генерал Жаржэлен загінуў у пятніцу, 18 жніўня, у выніку падзення падчас паходу ў гарах Пірэнеяў, паведамляе The Art Newspaper.
Паводле даных мясцовай жандармерыі, увечары 18 жніўня прадстаўнік базы Les Estagnous паведаміў, што адзін з іх гасцей не вярнуўся з паходу. Пазней праваахоўнікі выявілі на схіле вяршыні Мон-Валье цела мужчыны, якога апазналі як Жаржэлена.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, які прызначыў Жаржэлена куратарам рэстаўрацыі Сабора Парыжскай Божай Маці пасля пажару, што адбыўся ў красавіку 2019 года, у сваёй афіцыйнай заяве аддаў даніну павагі аднаму з «найвялікшых салдатаў Францыі», які «камень за каменем аднаўляў зраненую прыгажосць Нотр-Дама».
«Са смерцю генерала Жан-Луі Жаржэлена нацыя губляе аднаго са сваіх вялікіх салдатаў. Францыя — аднаго са сваіх вялікіх служыцеляў. Сабор Парыжскай Божай Маці — галоўнага стваральніка свайго адраджэння», — напісаў Макрон у сацсетцы.