У Ганцавічах дзятва папалявала на зубра
Не паспелі ў Ганцавічах паставіць да абласных «Дажынак» бетонную скульптуру зубра, як яе давялося ўжо і рэстаўраваць. Бо на бетонную жывёліну, як піша «Ганцавіцкі час», «з камянямі і палкамі, як у дагістарычныя часы падчас палявання», накінуліся мясцовыя дзеці.
22.08.2023 / 16:43
Фота Ганны Зянько
Як толькі новая інсталяцыя 18 жніўня з'явілася на п'едэстале, то яна прыцягнула ўвагу дзяцей. Зубра тут жа абляпілі з усіх бакоў. Хтосьці фатаграфаваўся, хтосьці спрабаваў залезці на спіну.
Іншыя ж вырашылі папаляваць на бетоннага звера і накінуліся на яго з камянямі і палкамі, спрабуючы на трываласць. Паваліць не павалілі, але «шкуру папсавалі».
Фота Ганны Зянько
«Я бачыў, як адзін падшыванец залез і стукнуў зубра каменем па рогу. Але рог не зламаўся. На яго накрычалі, ён выкінуў камень і ўцёк», — расказаў адзін з хлопцаў, які гуляў у двары побач з інсталяцыяй.
Наступствы палявання на зубра давялося ліквідаваць мастакам-афарміцелям сектара культуры райвыканкама. У панядзелак з раніцы яны прыйшлі на вуліцу Заслонава, дзе стаіць скульптура, каб падлатаць і пафарбаваць пашкоджанні на інсталяцыі.
Фота: Савецкае Палессе
Копія вядомай гіганцкай скульптуры зубра, усталяванай ля трасы М1 на мяжы Брэсцкай і Мінскай абласцей, з'явілася на ганцавіцкай вуліцы Заслонава. Яе падрыхтавалі да абласных «Дажынак», якія запланаваныя ў раёне на 9 верасня.
У адрозненне ад металічнага арыгінала, ганцавіцкі зубр выраблены з бетону і важыць ажно 10 тон. Вышынёй ён у тры метры, а ў даўжыню дасягае чатырох метраў.
Усталяваную на п'едэстал інсталяцыю пафарбавалі (спатрэбілася каля 20 л фарбы цёмна-карычневага і чырвона-карычневага колераў). Але на гэтым працы з інсталяцыяй зубра не скончаныя — камунальнікам трэба будзе яшчэ ўпарадкаваць тэрыторыю вакол яе.
Фота Ганны Зянько
Чытайце таксама:
Цэнтр Ганцавічаў да «Дажынак» аблысеў
У Ганцавічах фарбуюць туі. Новы арт-аб'ект да «Дажынак»?
Адпачынак казачны, але не бюджэтны: як сям'я з Брэсцкай вобласці бавіла час у парку жывёл «Дыпрыз»