«Гэта маштабны ўсебеларускі праект дзяржаўнага значэння». Студэнты БДУ папрацавалі на ўпарадкаванні «Лініі Сталіна»
Студэнты БДУ ўпарадкавалі тэрыторыю гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна». Агульнаўніверсітэцкая валанцёрская акцыя прайшла 22 жніўня з удзелам прадстаўнікоў студэнцкага актыву БРСМ і першаснай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ, цэнтра валанцёрскай дзейнасці, а таксама кіраўніцтва і супрацоўнікаў ВНУ, паведамляе прэс-служба ўніверсітэта.
23.08.2023 / 09:30
Фота: прэс-служба БДУ
Падтрымаў студэнцкую ініцыятыву рэктар БДУ Андрэй Кароль. Ён адзначыў асаблівую важнасць гэтага мерапрыемства. «Лінія Сталіна» — гэта маштабны ўсебеларускі праект дзяржаўнага значэння. Для захавання комплексу неацэнным будзе ўдзел у такіх акцыях нашай моладзі, ды і ўсіх неабыякавых беларусаў. Упэўнены, што нашы хлопцы і дзяўчаты сёння таксама ўнеслі пэўны ўклад ва ўпарадкаванне і падтрымку комплексу», — распавёў рэктар.
«Далучаючы моладзь да такіх ініцыятыў, мы ствараем умовы, дзе яна можа далучыцца да гісторыі, прапусціць яе трагічныя старонкі праз сябе і такім чынам выказаць падзяку загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны», — падзяліўся Андрэй Кароль.
Усяго ўдзельнікамі мерапрыемства стала каля 50 студэнтаў з усіх факультэтаў БДУ. Валанцёры прыбралі тэрыторыю комплексу, ачысцілі ад травы і смецця дарожкі, адрамантавалі частку сцен акопаў і інш.
Таксама ў рамках працоўнага дня адбыўся тэматычны абед з салдацкай кашай і размовы ў нефармальнай абстаноўцы. Андрэй Кароль адказаў на пытанні студэнтаў аб развіцці моладзевых арганізацый, у прыватнасці, размова ішла пра БРСМ і падтрымку яго новых праектаў.
Акрамя таго, для ўдзельнікаў мерапрыемства па навядзенні парадку правялі аглядную экскурсію па гісторыка-культурным комплексе.
Чытайце таксама:
Ігар Луцкі расказаў моладзі, у чым шчасце Беларусі
«Маглі падаць спісам 400 чалавек, а рэальна ў студатрадах працавала 100—150»