Якія паслугі анлайн прапануюць за грошы беларускія храмы. Можна нават набыць абанемент!

Паглядзелі, якія паслугі прапаноўваюць беларускія храмы анлайн і колькі гэта каштуе. «Настаяцель храма асабіста кантралюе памінанне паводле запісак і тое, як ставяць свечкі».

23.08.2023 / 12:22

Фота: yuratkhram.by

Калі вы запытаеце ў гугла «паставіць свечку анлайн у Мінску», то ён прапануе вам дастаткова варыянтаў. Першым выдае сайт прыхода храма Спірыдона Трыміфунцкага з добра аптымізаваным пад SEO загалоўкам. Варта толькі адзін раз зайсці на гэты сайт — і таргетаваная рэклама храма будзе пераследаваць вас усюды.

Існуе дзве опцыі: паставіць свечку за здароўе або за спачын. На цану свечкі ўплывае яе памер — ад 50 капеек за самую маленькую да 2,5 рубля за самую вялікую. Каб у патэнцыйнага кліента не ўзнікла сумненняў у тым, што паслуга будзе аказаная якасна, адразу ўдакладняецца: «Настаяцель храма святар Аляксандр асабіста кантралюе памінанне паводле запісак і тое, як ставяць свечкі».

Ёсць магчымасць таксама падаць анлайн запіску за здароўе або за спачын. Каштуе гэта 5—6 рублёў. Можна аформіць і гадавую падпіску на паслугу — 50 рублёў.

На сайце збіраюць грошы на будаўніцтва храма ў гонар свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску, таму прапануюць купіць імянную цэглу. Цагліна сімвалічная, і сума неабходнага ахвяравання не ўдакладняецца. Затое прапісаны бонус: на кожным богаслужэнні моляцца за тых, хто мае дачыненне да будаўніцтва і ўпрыгожвання храма.

Нямала паслуг анлайн прапануе прыход храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Вось прайс:

— праскамідыя аб здароўі (да 10 імёнаў) — 5 рублёў;

— малебен аб здароўі (да 10 імёнаў / 15 імёнаў) — 15 рублёў / 25 рублёў;

— абедня аб здароўі з малебнам (да 10 імёнаў) — 20 рублёў;

— падзячны малебен Госпаду нашаму Ісусу Хрысту — 15 рублёў;

— малебен Святому Мікалаю Цудатворцу — 15 рублёў.

Скрын сайта храма

Нібы ў звычайнай анлайн-краме чытаеш падрабязнае апісанне тавару: «Свечка васковая — сімвал малітвы №20 (час гарэння 2 гадзіны 30 хвілін)». Кошт — 3 рублі. А вось «свечка васковая — сімвал малітвы №40 (час гарэння 1 гадзіна 30 хвілін)» — 2 рублі.

Кладзеш у кошык адну свечку за 2 рублі, а сайт табе клапатліва прапануе дадаць да замовы ахвяраванне на правядзенне рамонтных прац у храме — 25 рублёў, дарэчы кажучы.

Прапануе анлайн паслугі і Свята-Елісавецінскі манастыр, які апошнім часам трапляе ў навіны за сваю падтрымку расійскіх салдат у вайне ва Украіне. На яго сайце ёсць нават спецыяльны калькулятар, які лічыць кошт вашых замоў. 

Абедня за здароўе — 4 рублі, малебен — 3 рублі. Ёсць магчымасць абраць анлайн, перад якім менавіта абразом будуць чытаць акафіст (кошт — 4 рублі). Гадавы абанемент на саракавуст за здароўе каштуе 70 рублёў. У адной запісцы можна падаць да 12 чалавек. Кожны раз пры дабаўленні яшчэ аднаго імя сума пералічваецца аўтаматычна.

Скрыны сайта манастыра

На сайце манастыра можна спампаваць праваслаўныя паштоўкі. Акрамя паштовак, прысвечаных рэлігійным святам, ёсць гумарыстычныя, а таксама серыя з выказваннямі духоўніка манастыра айца Андрэя Лемяшонка, напрыклад: «Дзе Хрыстос — там перамога!» Адзначана, што спампаваць паштоўкі можна бясплатна, але побач ідзе актыўная гіперспасылка з прапановай зрабіць добраахвотнае ахвяраванне.

Скрын сайта манастыра

Як і ў любой арганізацыі, у Свята-Елісавецінскага манастыра ёсць водгукі ў гугле. У яго даволі высокі рэйтынг — 4,8 бала, але ж і негатыўныя водгукі сярод 3777 каментароў таксама ёсць. Мы вырашылі паглядзець, чым незадаволены кліенты.

Напрыклад, адзін з іх абураны працай гатэля пры кляштары: ён прыехаў засяліцца ў 00:05, а ахоўнік адмовіўся яго пускаць. Мужчына лічыць, што так кідаць чалавека ў чужым горадзе не па-хрысціянску.

Іншы мужчына незадаволены тым, што занадта шмат месца адведзена пад гандаль: «З аднаго боку, прыгажосць, спакой, абразы… А з другога — гандаль-гандаль-гандаль… Ісус бы пакараў гэтых гандляроў і крамнікаў».

Нейкая жанчына паставіла адну зорку за тое, што ў манастыры, паводле яе слоў, у пост гандлявалі піражкамі з мясам: «Ёсць іншыя цудоўныя сапраўдныя манастыры, пра якія амаль ніхто не ведае. Напрыклад, манастыр у Дамашанах, дзе можна падаць бясплатныя запіскі на малітву… І дзе не гандлююць мясам у пасты…»

Іншая незадаволеная тым, колькі каштуюць паслугі: «Чаму тут так дорага запіскі падаваць і свечкі дарагія? Ды і самі людзі не зусім добразычлівыя. Гэта ж месца, куды людзі прыходзяць атрымаць Божую ласку, калі ў душы ці на сэрцы камень, а тут панукванне ды шыпенне».

Наконт цэн згодныя і некаторыя іншыя каментатары: «Цэны даражэйшыя за рынкавыя ў два разы на сваю прадукцыю. Як так? Ні падаткаў, ні чэкаў — і такія цэны, ды нават звычайныя фісташкі расійскія 50 руб. за 1 кг!»

Чытайце таксама:

Падчас Славянскага базару паслушніцы Свята-Елісавецінскага манастыра накінуліся на музыкаў

«Сваіх не кідаем». Мінскі манастыр правядзе на Сёмуху канцэрт у падтрымку расійскіх акупантаў, што ваююць ва Украіне

«Мама заявіла, што дамовілася з бацюшкам замест нас». Беларусы распавялі, як перадумалі хрысціць дзяцей

Ганна Стафановіч