ГУБАЗіК прыйшоў і да сяброў дзяўчыны, пра затрыманне якой мы паведамлялі раніцай

Яны былі на адным фота з пратэстаў.

23.08.2023 / 17:30

Ілля Янкоўскі і Дар'я Агрызка. Фота: іхнія старонкі Укантакце

Раніцай мы паведамілі пра затрыманне Аліны Будай, але, аказаваецца, сілавікі звярнулі ўвагу і на яе сяброў.

Ілля Янкоўскі, як сцвярджае канал сілавікоў, прыйшоў у ГУБАЗіК сам, бо патрапіў на фота, дзе былі ён і ягоныя сябры. Яму 31 год, і, згодна з інфармацыяй ад «Кіберпартызанаў», ён нядоўга працаваў у «Зелянбудзе». Апошнім часам, мяркуючы па сацсетках, мужчына працуе ў Расіі — у 2019-ым гэта была будаўнічая кампанія.

ГУБАЗіК сцвярджае, што пасля таго, як ён дабраахвотна прыйшоў да іх у аддзяленне, замест утрымання ў СІЗА ён атрымае падпіску аб нявыездзе, а пакаранне, хутчэй за ўсё, не будзе звязанае з рэальным пазбаўленнем волі.

Наколькі вядома «Нашай Ніве», затрымалі і 31-гадовую сяброўку Аліны Будай — Дар'ю Агрызка. Яна знікла з усіх сацсетак у той жа момант, што і яе сяброўка.

Дзяўчына скончыла фармацэўтычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Вучылася на бюджэце з добрым сярэднім балам, а пасля адпрацоўвала ў адной з мінскіх аптэк.

Яшчэ адна дзяўчына, паказаная ў відэа ГУБАЗіК на супольным фота, ужо адбывае пакаранне па артыкуле 342 КК за ўдзел у пратэстах. Яна атрымала пакаранне ў выглядзе «хіміі» або «хатняй хіміі», калі меркаваць па спісках праваабаронцаў.

Мяркуючы па ўсім, людзей апазналі па супольным фота, якое знайшлі ў аднаго з іх пасля затрымання з іншай нагоды або ў сацсетках.

Чытайце таксама:

Распазнаванне твараў: што гэта такое, як яно працуе і якія здольнасці беларускіх сілавікоў

Затрымліваюць людзей, у якіх адшукалі фота з пратэстаў у Google Photos. Як абараніць сябе — пакрокавы гайд

Як надзейна вычысціць фоты з вашых смартфонаў — падрабязны гайд

Nashaniva.com