Лукашэнка павіншаваў украінцаў з Днём незалежнасці

«Многія пакаленні беларусаў і ўкраінцаў стагоддзямі жылі ў згодзе і павазе», — гаворыцца ў віншаванні.

24.08.2023 / 07:26

У чэрвені 2014 года Лукашэнка прылятаў у Кіеў на інаўгурацыю Пятра Парашэнкі і досыць міла камунікаваў на вуліцах з гараджанамі і тамтэйшымі беларусамі. Фота: Sergei Chuzavkov / AP

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў брацкі ўкраінскі народ з Днём Незалежнасці, паведамляе БелТА.

«Многія пакаленні беларусаў і ўкраінцаў стагоддзямі жылі ў згодзе і павазе. Спакон веку нашы продкі гандлявалі, стваралі сем'і і выхоўвалі дзяцей, разам мужна змагаліся з фашызмам, адбудоўвалі агульную дзяржаву ў першыя пасляваенныя пяцігодкі, — гаворыцца ў віншаванні. — І па сённяшні дзень нас аб'ядноўваюць такія рысы характару, як працавітасць, стараннасць, паважлівае стаўленне да старэйшых і сваіх традыцый, самабытнай культуры».

«Атрымаўшы незалежнасць больш за тры дзесяцігоддзі таму, абедзве краіны выбралі самастойныя шляхі свайго развіцця, будаўніцтва будучыні, дзеля якога мы павінны стварыць бяспечныя магчымасці для годнага суіснавання ўсяго рэгіёну. Мы павінны выкарыстоўваць каштоўнасць нашага суседства дзеля спынення канфрантацыі. Беларускі бок гатовы зрабіць для гэтага ўсё неабходнае і нават больш. Веру ў тое, што нам гэта па сілах», — дадаў Лукашэнка.

Кіраўніцтва Украіны ў віншаванні абмінутае.

Nashaniva.com