Хто тыя людзі, што загінулі ў авіякатастрофе разам з Прыгожыным
Расавіяцыя апублікавала спіс пасажыраў, якія, як мяркуецца, знаходзіліся на борце Яўгена Прыгожына. Двое з іх — яго найбліжэйшыя паплечнікі, выявіла «Досье».
24.08.2023 / 09:17
Валерый Чакалаў — адзін з самых набліжаных да Прыгожына менеджараў «Канкорда».
З алігархам ён з 2000-х. Калі Прыгожын захопліваў рынак школьнага харчавання ў Маскве, праектам кіраваў Чакалаў. Ён жа пасля адказваў за вайсковыя кантракты «Канкорда» на пастаўкі харчавання для вайскоўцаў.
Чакалаў курыраваў усе «грамадзянскія» праекты Прыгожына за мяжой — ці гэта геолагаразведка, ці нафтаздабыча, ці сельская гаспадарка.
Валерый Чакалаў. Фота: «Аднакласнікі»
Ён жа адказваў за лагістычнае забеспячэнне групы «Вагнер». Менавіта Чакалаў узначальваў АТ «Нява» — заснавальніка ТАА «Еўра Поліс», на якім былі завязаныя ўсе сірыйскія і афрыканскія праекты.
Дзмітрый Уткін. Правая рука Прыгожына ў ПВК «Вагнер».
Дзмітрый Уткін (злева). Скрын відэа
Менавіта ён адказваў за камандаванне і баявую падрыхтоўку. Як раней высветліў цэнтр «Дасье», Уткін падпісваў распараджэнні рунамі «зіг», а Прыгожына называў «Хайль Пятровіч».
«Яны заўсёды лёталі ўтрох — Прыгожын, Уткін, Чакалаў. Чакалаў адказваў за ўвесь тыл, Уткін — за баявую частку ПВК «Вагнер», — сказала крыніца каналу «ВЧК-ОГПУ».
Яўген Макаран. Жэтон М-2300, пазыўны «Макар».
Малодшы лейтэнант паліцыі, былы ўчастковы. Згодна з анкетай, займаўся кудо і самба, любіў чытаць. Прыйшоў у «Вагнер» у сакавіку 2016 года.
Быў у складзе чацвёртага штурмавога атрада «Вагнера» ў Сірыі, які трапіў пад абстрэл амерыканскай авіяцыі пад Хшамам у студзені 2017 года. Атрымаў раненне левага сцягна.
Паводле SHOT, імаверна, ахоўнік Прыгожына.
Яўген Макаран Фота: цэнтр «Дасье»
Сяргей Прапусцін. Жэтон М-0394, пазыўны «Кедр».
Прапаршчык, ваяваў у другой чачэнскай вайне. Прыйшоў у «Вагнер» у сакавіку 2015 года. Ваяваў у роце Кірыла Ціхановіча (пазыўны «Чукча»). Гэта адно са страявых падраздзяленняў групы «Вагнер», з 2016 года яно называлася другім разведвальна-штурмавым атрадам. Многіх асабістых ахоўнікаў Прыгожын у 2016 годзе набраў менавіта з гэтага атрада.
Паводле SHOT, імаверна, ахоўнік Прыгожына.
Сяргей Прапусцін. Фота: цэнтр «Дасье»
Аляксандр Тотмін. Жэтон М-5534, пазыўны «Той».
Паводле SHOT, імаверна, уваходзіў у ахову Прыгожына.
Мікалай Матусееў. Журналісты не змаглі выявіць чалавека з такім імем у спісах «Вагнера». Затое там ёсць Мікалай Матусевіч. Жэтон М-2559.
У «Вагнеры» са студзеня 2017 года. Служыў стралком у чацвёртым штурмавым атрадзе ў Сірыі.
Мікалай Матусевіч. Фота: цэнтр «Дасье»
Экіпаж Embraer Legacy 600
Пра членаў экіпажа, якія загінулі на борце Прыгожына, пішуць «Важные истории».
Аляксей Леўшын — камандзір экіпажа, з Варонежа.
Ягоная жонка Святлана Леўшына пацвердзіла ў сацсетках увечары 23 жніўня, што яе муж загінуў.
Рустам Карымаў, 29 гадоў, другі пілот.
У 2014 годзе ён скончыў Сасаўскае лётнае вучылішча грамадзянскай авіяцыі. Па даных з асабістай старонкі яго жонкі Анастасіі ва «ВКонтакте», за пяць дзён да смерці Рустама яны адсвяткавалі чацвёртую гадавіну вяселля.
Крысціна Распопава, 38 гадоў, бортправадніца.
Родам з Чалябінскай вобласці. Скончыла Маскоўскі фінансава-юрыдычны ўніверсітэт. Як піша «База», жанчына — сястра намесніка пракурора горада Еманжалінска Чалябінскай вобласці Яўгена Распопава.
Паводле інфармацыі расійскіх каналаў, за некалькі гадзін да вылету жанчына распавяла сваім родным, што з нейкіх прычын іх рэйс затрымліваецца. Яго нібыта забралі на нейкі кароткатэрміновы і незразумелы рамонт.
У той жа час жонка Прыгожына Любоў працягвае свой адпачынак у Індыі, як паведаміла крыніца «Дасье», знаёмая з сям'ёй.
Чытайце таксама:
«У пекле ён будзе найлепшым». Біяграфія Прыгожына
«Пуцін не даруе». Аналітыкі пра інцыдэнт з Прыгожыным і будучыню вагнераўцаў у Беларусі
Раней Прыгожын ужо «паміраў» у авіякатастрофе. Тлумачым
Вось чаго вартыя гарантыі бяспекі, выдадзеныя Лукашэнкам — Ціханоўская