«Я ганаруся тым, што ў гэтай барацьбе дапамагаюць беларусы». Ціханоўская павіншавала ўкраінцаў і Зяленскага з Днём незалежнасці

Дэмакратычны лідар Беларусі звярнулася да ўкраінцаў з нагоды Дня незалежнасці. Яна выказала ўпэўненасць, што беларусам і ўкраінцам удасца аднавіць добрыя адносіны і прыцягнуць да адказнасці тых, хто пачаў вайну.

24.08.2023 / 09:23

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«Шаноўныя ўкраінцы і ўкраінкі, прэзідэнт Зяленскі!

Прайшло ўжо паўтара года ад поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Увесь гэты час вы бароніце сваю незалежнасць са зброяй у руках і агнём у сэрцы. Мы схіляем галаву перад вашай мужнасцю і стойкасцю. Вашая барацьба за сваю свабоду — натхняе ўвесь свет.

Я ганаруся тым, што ў гэтай барацьбе дапамагаюць беларусы. Ганаруся Палком Каліноўскага і нашымі ваярамі-добраахвотнікамі, якія здзяйсняюць подзвіг за подзвігам. Я ганаруся нашымі валанцёрамі, якія аднаўляюць гарады, дасылаюць інфармацыю ў «Беларускі Гаюн». Медыкамі, што ратуюць жыцці. Ганаруся ўсімі вольнымі беларусамі, якія данацяць на ўкраінскую армію і набліжаюць перамогу Украіны. 

Мы адновім добрыя адносіны паміж нашымі народамі, а тыя, хто штурхнуў нашую краіну ў вайну — абавязкова панясуць адказнасць. 

Дарагія ўкраінцы, жадаю вам сустрэць наступны Дзень незалежнасці ў мірнай і свабоднай Украіне. 

Слава Україні! Жыве Беларусь!»

Чытайце таксама:

Лукашэнка павіншаваў украінцаў з Днём незалежнасці

Nashaniva.com