З'явілася яшчэ адна версія выбуху ў самалёце Прыгожына
Новую версію выбуху ў самалёце Яўгена Прыгожына апублікаваў канал «База», прычым назваў яе «асноўнай».
24.08.2023 / 15:52
Схема магчымай устаноўкі выбухоўкі, па версіі крыніц «Базы»
Паводле інфармацыі крыніц «Базы», выбух самаробнай бомбы адбыўся ў сэрвісным адсеку ў раёне санвузла. Прычым следчыя не выключаюць, што на борце «Эмбраера» магло быць два выбуховыя прыстасаванні.
«Версія аб ужыванні СПА не прыярытэтная», — настойвае «База». Нібыта на дэталях «Эмбраера» «занадта мала пашкоджанняў ад шрапнелі». Акрамя таго, падчас падзення самалёта ў небе не было відаць інверсійных слядоў ракеты, піша канал.
«Пакуль усё паказвае на тое, што выбух адбыўся ў сэрвісным адсеку ў раёне хваставой часткі самалёта, якая ўпала за некалькі кіламетраў ад фюзеляжа. З адсека, які адначасова з'яўляецца грузавым, ёсць доступ і да туалета, размешчанага ў хвасце. Кіль «Эмбраера» застаўся практычна цэлым», — піша канал.
Па версіі крыніц «Базы», бомба наўрад ці была ўсталяваная ў адсек шасі: побач размешчаныя паліўныя бакі і пры дэтанаванні самаробнага выбуховага прыстасавання ў гэтым месцы самалёт быў бы агорнуты агнём ужо пры падзенні.
Расследаванне следчыя, паводле «Базы», пачалі з адпрацоўкі этапу тэхнічнага абслугоўвання самалёта ў Шарамеццеве перад вылетам у Санкт-Пецярбург. Са слоў крыніц, асабліва следчых цікавіла, ці ёсць новыя супрацоўнікі, якія толькі нядаўна выйшлі на працу.
Да гэтага з'явілася інфармацыя, што выбухоўка магла быць закладзеная ў адсек шасі самалёта Прыгожына.
Афіцыйнай інфармацыі на гэты конт няма.
Борт Яўгена Прыгожына Embraer ERJ-135BJ Legacy 600 разбіўся ў небе над Валдаем за 50 км ад рэзідэнцыі Пуціна 23 жніўня.
Чытайце таксама:
Хто тыя людзі, што загінулі ў авіякатастрофе разам з Прыгожыным
На месцы крушэння самалёта знойдзены тэлефон Прыгожына
Побач з месцам падзення самалёта Прыгожына стаяла чатыры дывізіёны С-300 — The Moscow Times