«Амкадор» дамовіўся пра супрацоўніцтва з самаабвешчанай «ДНР»

Кіраўнік «урада» самаабвешчанай «Данецкай Народнай Рэспублікі» Яўген Солнцаў паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што падчас візіту ў Беларусь падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з кіраўнічай кампаніяй холдынгу «Амкадор» — буйнога беларускага вытворцы тэхнікі. 

24.08.2023 / 23:20

Фота: тэлеграм-канал Яўгена Солнцава

«Тут вельмі салідная канструктарская група, якая зможа спраектаваць тэхніку «на замову». Любой складанасці. У сціснутыя тэрміны. Разлічваем на доўгатэрміновае супрацоўніцтва», — напісаў Солнцаў.

Паводле яго, у Беларусі атрымалася дамовіцца аб пастаўках у самаабвешчаную ДНР беларускіх ліфтаў, дарожнай і сельскагаспадарчай тэхнікі, а арыенціровачны кошт інвестыцый — 3 млрд расійскіх рублёў (каля 80 млн беларускіх).

У склад холдынгу «Амкадор» уваходзяць 22 заводы, дзе вырабляюць пагрузчыкі, укладчыкі асфальту і тэхніку для меліярацыі. Саўладальнік холдынгу — набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Аляксандр Шакуцін.

Раней дэлегацыя самаабвешчанай «ДНР» наведала «Першую прамысловую кампанію», «Магілёўліфтмаш»і «Магатэкс». З «Магілёўліфтмашам» таксама было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Улады Магілёўшчыны пра візіт не паведамлялі.

Чытайце таксама:

У Мінск прыехала дэлегацыя ўрада «ДНР»

Кіраўнік «ДНР» Пушылін прапанаваў Беларусі паўдзельнічаць у забудове акупаванага Азоўскага ўзбярэжжа

Беларускіх школьнікаў прыцягнулі да ўдзелу ў чэмпіянаце «Мая Айчына — Расія»

Nashaniva.com