Былога начальніка наваполацкай міліцыі судзілі за непадпарадкаванне яго колішнім калегам. Але пакараць яго цяжка, бо ён дэпутат 

У пачатку жніўня быў затрыманы былы начальнік наваполацкай міліцыі Уладзімір Дуброўскі (пасаду кіраўніка ГАУС ён займаў да вясны 2022 года). «Наша Ніва» даведалася падрабязнасці.

25.08.2023 / 17:19

Уладзімір Дуброўскі. Фота: novaya.by

Як паведаміў «Белпол» са спасылкай на свае крыніцы, уночы з 4 на 5 жніўня Дуброўскі ехаў з полацкай рэстарацыі «Гранд Паб» і ледзь не ўрэзаўся ў будынак. Калі на месца здарэння прыехаў нарад ДАІ, Дуброўскі адмовіўся сесці ў службовую машыну, аказаў супраціўленне супрацоўнікам міліцыі і аднаму з іх парваў форменную кашулю.

«Белпол» сцвярджае, што былы міліцэйскі начальнік быў у нецвярозым стане.

Дуброўскага затрымалі, але ненадоўга: ён з'яўляецца дзейным дэпутатам Наваполацкага гарсавета, і ў адпаведнасці з заканадаўствам яго мусілі адпусціць, як толькі высветлілася гэтая акалічнасць.

Як даведалася «Наша Ніва», 7 жніўня Уладзіміра Дуброўскага судзілі ў Полацкім гарадскім судзе за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі паводле арт. 24.3 КаАП. Справу разглядаў суддзя Віктар Баліка.

Згодна з гэтым артыкулам, вінаваты можа быць пакараны штрафам ад 2 да 100 базавых велічыняў або арыштам. Паколькі Дуброўскі з'яўляецца дэпутатам Наваполацкага гарсавета, у адпаведнасці з артыкулам 6.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса (ч. 2 п. 6) асобаў у такім статусе пакараць адміністрацыйным арыштам нельга.

Ці быў Уладзімір Дуброўскі аштрафаваны і ў чым дакладна была сутнасць паседжання, Рэдакцыі невядома.

Аднак рашэнне Полацкага суда дэпутат аспрэчваў у Віцебскім абласным судзе 16 жніўня. 

Жыхарка Наваполацка патэлефанавала Уладзіміру Дуброўскаму, але той не захацеў гаварыць пра суд. Дэпутат абарваў тэлефонную размову, запрасіўшы на прыём. 

Падчас працы на пасадзе кіраўніка ГАУС Дуброўскі шчыраваў у пошуках і пакараннях удзельнікаў пратэстаў супраць вынікаў мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Па выніках працы за 2020 год Наваполацкі ГАУС быў прызнаны найлепшым сярод аддзелаў міліцыі Віцебскай вобласці. Ягоны кіраўнік «за значны ўнёсак ва ўмацаванне правапарадку» быў узнагароджаны корцікам. Таксама за час службы ў Наваполацкім ГАУС (з 2011 года) ён быў уганараваны медалямі «За бездакорную службу» трох ступеняў і нагрудным знакам «Ганаровы супрацоўнік МУС».

Пасля сыходу з міліцыі Дуброўскі працуе адмыслоўцам па інфармацыі і эканамічнай бяспецы ААТ «ЭдзіТэк» (раней прадпрыемства называлася «ЛЛК-НАФТАН», але ў 2021 годзе змяніла назву, каб не трапіць пад санкцыі ЗША).

Чытайце таксама:

Жыхара Мінска арыштавалі на 10 сутак за «экстрэмісцкія» падпіскі. Іх знайшоў міліцыянт «шляхам візуальнага агляду тэлефона»

Гайдукевіч расказаў пра свой развод з жонкай, праблемы са здароўем і галоўны канфлікт з бацькамі

«Няма. Я іх не накупляюся». На мытні ў чалавека патрабавалі тэлефон, хоць тры месяцы таму самі яго забралі

Nashaniva.com