У Мюнхене ў другі раз адбудзецца Фестываль сучаснай беларускай культуры Minsk x Minga

Фэст адбудзецца ў Мюнхене з 8 па 10 верасня і закліканы служыць умацаванню сувязяў паміж Баварыяй і свабоднай Беларуссю. 

25.08.2023 / 16:01

На афішы — фрагмент мінулагодняй выставы Ксішы Ангелавай «Беларускі мартыралог».

Мэта фестываля — прадставіць Беларусь і сучасную незалежную беларускую культуру, прыцягнуць увагу нямецкай публікі да драматычных падзеяў у сучаснай Беларусі і да супраціву беларускага грамадства палітычнаму тэрору і дыктатуры. Фэст прадстаўляе пляцоўку для выбітных беларускіх творцаў, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму. 

 

Таксама важная мэта фестывалю — салідарнасць з Украінай. 

 

Сёлета фэст адбудзецца ўжо другі раз.

У праграме: 

— канцэрты легенды беларускага року Volski і этна-электроннага дуэту Šuma, 

— літаратурная імпрэза «Ці ведаеце Вы зямлю пад белымі крыламі? Беларусь — litTERatuRA Incognita»,

— музычны монаспектакль «СармаТЫ/Я», які спалучае хіп-хоп і беларускія народныя спевы, 

— батлейка, беларускі лялечны тэатар у выкананні знакамітага актора і тэлевядоўцы Аляксандра Ждановіча (Маляваныча), 

— спеўны, музычны і танцавальны варкшопы, прысвечаныя беларускаму народнаму мастацву. Наведнікі змогуць папрактыкавацца ў беларускіх народных спевах, паспрабаваць граць на беларускай дудзе і навучыцца беларускім і нямецкім народным танцам. 

Падрабязней — у сацсетках фестываля: Instagram: Facebook:

 Арганізатар фэсту — Беларуская супольнасьць RAZAM e.V., найбуйнейшае аб'яднанне беларускай дыяспары ў Нямеччыне. 

 Партнёрамі фестывалю выступаюць Баварская дзяржаўная канцылярыя, фундацыя Heintze Stiftung, Фундацыя імя Фрыдрыха Наўмана (Friedrich-Naumann-Stiftung für Demokratie), Фундацыя імя Томаса Дэлера (Thomas-Dehler-Stiftung), а таксама Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Nashaniva.com